З гісторыі беларускай сям’і

Немагчыма зразумець працэсы, якiя адбываюцца ў складзе сучаснай сям’i, яе структуры, побыце, звычаях i традыцыях, без ведання генезiсу сям’i беларусаў. Разгляд яго мы распачалi з эпохi феадалiзму, калi ўжо склалася беларуская народнасць i можна з пэўным дапушчэннем гаварыць аб развiццi менавiта сям’i беларусаў.

Сям’я з’яўляецца першаснай (i таму вельмi важнай) сацыяльна – эканамiчнай ячэй­кай грамадства. Менавiта тут ажыцця ўляюцца працэсы ўзнаўлення насельнiцтва, сацыялiзацыi i этнiзацыi кожнага новага пакалення, i перадача яму традыцый, звычаяў, абрадаў, нормаў паводзiнаў i г. д. У мiнулым сям’я ўяўляла сябе як гаспадарчую адзiнку, вытворча – гаспадарчая функцыя якой залежала ад узроўню сацыяльна – эканамiчнага развiцця грамадства.

У перыяд феадалiзму ( XIV – 1-ая палова XIX ст.) асноўнымi формамi сям’i беларусаў былi малыя i вялiкiя сем’i. Малыя складалiся звычайна са шлюбнай пары з дзецьмi. Сустракалiся малыя сем’i ўскладненага тыпу, калi тут жыў яшчэ хто-небудзь з блiзкiх родзiчаў цi сваякоў ( напрыклад, нежанаты брат цi незамужняя сястра, цётка цi дзяцька, бабуля i г.д.). Вялiкiя сем’i ( з некалькiх малых) уяўлялi з сябе сямейную абшчыну бацькоўскага цi брацкага тыпу. Па сваёй структуры яны былi больш складанымi i ўключалi непасрэдных родзiчаў двух – трох пакаленняў (як, напрыклад, бацькоўская вялiкая сям’я). Такiя сем’i называлi яшчэ нера­здзеленымi, бо ў iх разам з бацькамi жылi жанатыя сыны са сваiм патомствам. Маёмасць лiчылася агульнай, i сям’я  вяла сумесную гаспадарку пад кiраўнiцтвам старэйшага мужчыны (часцей бацькi). Афiцыйная статыстыка запiсвала такiя сем’i як адзiн “дом”.

Другi тып вялiкiя сем’i – брацкiя: яны складалiся з сем’яў жанатых братоў. Тут таксама агульнымi былi гаспадарка i маёмасць. Часцяком членамi такой сям’i з’яўлялiся зяцi – швагры, пляменнiкi, братанiчы, пасынкi, прымакi i iнш. Бацькоўскiя вялiкiя сем’i мелi большае распаўсюджанне, чым брацкiя. 2/3 сем’яў бацькоўскага тыпу былi адналiнейнымi, трохпакаленнымi (бацькi + жанатыя сыны + унукi), астатнiя – многалiнейнымi, калi сумесна з бацькамi жылi два цi болей жанатыя сыны са сваiм патомствам. Вядомы выпадкi, калi нераздзеленая бацькоўская сям’я складалася з 4 – 5 i нават 6 малых.

З разбурэннем феадальна – прыгоннiцкiх i адначасовым развiццём  капiталiстычных адносiнаў  нераздзеленая сям’я, патрэба ў якой адпадае, разбураецца, i на змену ёй прыходзiць малая як пануючая форма сям’i. У залежнасцi ад сваяцкага складу даследчыкi выдзяляюць некалькi групаў сям’i: нуклеарную(бацькi + нежанатыя дзецi), ускладненую, цi пашыраную. У другiм выпадку, акрамя бацькоў i iх дзяцей, у сям’i жылi дзядуля або бабуля, незамужняя  сястра цi нежанаты брат, цётка цi дзяцька i г. д. Нярэдка гэта быў не адзiн, а два цi некалькi родзiчаў цi блiзкiх сваякоў. Вядомыя малыя сем’i i iншага складу, напрыклад , жанатых дзядзькаў, дзе жылi пляменнiкi цi

шурыны. Прыкладна кожная дзесятая малая сям’я была няпоўнай (сем’i ўдовых, разведзеных, мацi – адзiночак, бяздзетных i г.д.).

У адрознне ад сучаснай сям’i, асновай якой з’яўляецца шлюбная i кроўна- сваяцкiя сувязi, у феадальную эпоху iснавалi i вытворча-гаспадарчыя адносiны, калi сям’я ўяўляла з сябе вялiкi вытворчы калектыў з агульнай малмасцю i адпававедна роўным правым становiшчам дарослых мужчын. Разам з тым яна з’яўлялася грамадскай адзiнкай, члены якой былi ўзаемазвязаны агульнымi правамi i абавязкамi перад дзяржавай i адначасова агульнай адказнасцю за кожнага яе члена.

Разам з дзяржаўнымi юрыдычнымi нормамi ўнутрысямейныя зносiны ў гэты перыяд рэгламентавалiся ў большай меры няпiсаным  звычаёвым правам, якое рэгулявала заключэнне шлюбаў, справы апякунства над непаўналетнiмi i старымi, усынаўлення, ступень права на спадчынную маёмасць i яе падзел, правы i абавязкi кожнага члена сям’i i iнш. Звычай вызначаў правiлы паводзiнаў i маралi як у сям’i, так i за яе межамi. Звычаёвае права падпiсвала трымацца выпрацаваных часам святаў, традыцыяў, абрадаў i г.д. Так, згодна са звычаёвым правам, сям’ю ўзначальваў самы старэйшы -  бацька. Калi яго не было – старэйшы сын цi мацi. Атрыманне зямлi ў спадчыну замацоўвалася за асобамi мужчынскага полу. Калi ж сыноў у сям’i не было, то яна пераходзiла да дачок у якасцi пасагу.

У параўнаннi з мужчынамi, становiшча жанчыны было нераўнапраўным, хаця тагачасныя грамадскiя дзеячы выказвалi незадавальненне адносна высокага грамадзянскага i прававога становiшча жанчыны, а таксама свабода, якую яна мела ў  Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм у адрозненне ад суседнiх народаў. Такое меркаванне было звязана, магчыма, з тым, што ў эпоху феадалiзму жанчына карысталася так званым правам вета ( атрымлiвала пасля смерцi мужа ў валоданне 1/3 частку сямейнай маёмасцi). Акрамя таго, у сялянскай сям‘i жанчына брала актыўны ўдзел у гаспадарчых справах, мела права голасу, выступала дарадчыцай мужа. Вялiкi ўплыў жанчыны ў сям’i быў  i ў выхаваннi дзяцей, што забяспечвала яе аўтарытэт i знач­насць.

Характарыстыка структуры сям’i феадальнага часу будзе няпоўнай, калi не разгледзець яе колькасны склад. Вядома, што памеры залежалi перш за ўсё ад тыпу сям’i, а таксама ад колькасцi дзяцей. Зразумела, што вялiкiя сем’i (бацькоўскiя i брацкiя) былi большымi па памеры, чым малыя (нуклеарныя). Паводле падлiкаў беларускiх вучоных, у феадальны перыяд найбольш тыповай з’яўлялася сям’я з 3-5 дзецьмi. У сярэднiм колькасць дзяцей у ёй  вагалася ад 1-7. На працягу доўгага адрэзку часу вялiкая сям’я перыядычна рэгенерыравалася на аснове малой, распадалася цi захоўвалася. Раздзел вялiкiх сем’яў  у   2 – ой палове XIX ст. адбы­ваўся даволi часта паводле прынцыпу звычаёвага права, маёмаснага долевага атрымання спадчыны. Разам з развiццём буржуазных адносiнаў, асаблiва пасля рэформы 1861 г., адбывалася пашырэнне малой сям’i: працэс раслаення сялянства ўплываў на характар распаду нераздзеленых сем’яў. Як адзначаюць Г. Курыловiч i Л. Худаш, якiя займалiся даследаваннямi на Палессi, больш хуткiмi тэмпамi iшоў распад сярод маламаёмасных сем’яў, чым сярод заможных. У канцы XIX ст. багатая

сям’я ў сярэднiм складалася з 10,6 чалавек, сярэдняя – з 7, i бедная – з 5,2 чалавека.

Гарадская сям’я, асаблiва гарадской беднаты, вельмi нагадвала сялянскую. Разам з тым розны характар вытворчасцi i грамадскага жыцця абумоўлiвалi спецыфiку гарадской сям’i i яе сямейны побыт. Вельмi заўважальнай яна была ў шляхецкiх сем’ях, сацыяльна – дэмаграфiчныя параметры i бытавы ўклад якой вызначаўся разнастайнасцю. Сярод шляхецкага саслоўя вылучалiся 3 групы: магнаты (замож­ныя), сярэдняя бяднейшая (“шарачковая”, “загонавая”) шляхта. Асаблiвасцi сямей­нага жыцця грунтавалiся на падтрыманнi саслоўнага шляхецкага  роду. Калi шляхцянка выходзiла замуж за простага селянiна, яна страчвала права на шляхецтва; проста чалавек, якога пасля жанiцьбы са шляхцянкай прымалi ў яго сям’ю, наадварот, рабiўся шляцiцам i атрымлiваў iмя i герб новых родзiчаў.

Сярод шляхты iснавала жорсткая саслоўная карпаратыўнасць, дзе вельмi высокi статус мела паняцце “род”, а таксама цiкаўнасць да свайго радаводу i традыцый. Трымацца пэўных нарматываў, паводзiнаў, прынятых у шляхецкiм саслоўi, лiчылася вельмi важным. Часткай гараджанаў, яны ўспрымалiся як своеасаблiвая мадэль, узор для пераймання.

Як асобая падсiстэма грамадства сям’я выконвае функцыi, што, з аднаго боку, задавальняюць патрэбы  ўсяго грамадства (узнаўленне этнасаў i чалавека i сродкаў для iх iснавання, духоўнае выхаванне); з дугога, як малая псiхалагiчная група яна мае функцыi для задавальнення патрэбнасцяў самой сям’i. Найбольш важнымi функцыямi лiчацца: функцыя натуральнага ўзнаўлення (дзетанараджэнне), якая павiнна падтрмлiваць бiялагiчную бесперапыннасць грамадства i задавальняць патрэбнасцi сям’i ў прадаўжэннi роду; эканамiчная, якая ўключае як вытворчасць сродкаў iснавання, так i арганiзацыю iх спажывання; выхаваўчая, накiраваная на перадачу дзецям сацыяльнага вопыту пакаленняў, iдэалагiчных поглядаў,  духоўных каштоўнасцяў i выпрацоўкi ў iх вартасных арыентацый i паняццяў.

У канцы мiнулага стагоддзя iснавала арыентацыя на мнагадзетную сям’ю, што абумоўлiвалася ў значнай меры асаблiвасцямi сацыяльна – эканамiчнага развiцця рэгiлна, культурнымi традыцыямi насельнiцтва. Вялiкая колькасць дзяцей была больш характэрнай для сялянскай сям’i, хаця з-за вялiкай смяротнасцi i тут заставалася ў сярэднiм пяцёра дзяцей. У горадзе, па нашых падлiках, на адну сям’ю прыпадала ў сярэднiм трое дзяцей. Прычым мнагадзетнымi часцей былi сем’i простых гараджанаў (рамеснiкаў,  саматужнiкаў,  рабочых i г.д.). У дваранскiх сем’ях дзяцей нараджалася ўтрая меней, чым у простых гараджанаў. Менш дзяцей i памiрала ў гэтых сем’ях: там былi лепшымi санiтарна-гiгiенiчныя ўмовы жыцця, а таксама догляд.

Увогуле высокая дзiцячая смяротнасць была звязана як з эпiдэмiямi, дзiцячымi хваробамi, так i нездавальняльнымi санiтарна-бытавымi ўмовамi жыцця, адсутнасцю добрай медыцынскай дапамогi i iнш. Адзiн урач у той час абслугоўваў у сярэднiм у горадзе 1500, а ў губернi 2500 жыхароў.

Гаспадарча-эканамiчная функцыя сям’i была накiравана на стварэнне i ўзнаўленне яе матэраяльнай асновы. Забяспечвалася яна працай членаў сям’i i мела дзве падфункцыi: вытворчую (праца ў асабiстай гаспадарцы з полаўзроставым раздзя­леннем) i спажывецкую (размеркаванне i ўлiк усiх даходаў на патрэбы сям’i i кожнага яе члена i iнш).

У канцы XIX ст. у сямейным побыце беларусаў  збераглося шмат архаiчных рысаў. Нягледзячы на тое, што пануючае месца заняла малая сям’я ( 71,9% ад агульнай колькасцi сем’яў), мела месца яшчэ i нераздзельная вялiкая сям’я.

Уклад жыцця i ўзаемаадносiны ў сям’i ў многiм залежалi ад яе формы. Вядома, што больш традыыйных рысаў захоўвала вялiкая сям’я, якая складалася з некалькiх. Для таго, каб лепей весьцi гаспадарку у сялянскай сям’i iснавала даволi жорсткая цэнтралiзацыя ўлады: яе ўзначальваў самы старэйшы i вопытны мужчына, якi нёс i маральную i матырыяльную адказнасць перад дзяржавай i грамадой за астатнiх членаў, плацiў падаткi, быў прадстаўнiком на сходах i г.д. У бацькоўскай сям’i ў якасцi гаспадара выступаў бацька, у брацкай старэйшы брат.

У традыцыйнай сялянскай сям’i iснаваў прынцып строгага падзелу працы на “мужчынскую” i “жаночую”, якога i цяпер часцяком прытрымлiваюцца, асаблiва на вёсцы. Гаспадар, згодна са звычалвым правам, быў галоўным разпарадчыкам мужчынскiх работ у гаспадарцы, жаночыя размяркоўвала гаспадыня (“баба”, “ха­зяйка”, “хадджайка” i iнш.), у ролi якой звычайна выступала жонка гаспадара. Цiкава адзначыць , што рабiць мужчыну” жаночую”працу лiчылася ганебным. Без гаспадынi ён не палезе  даставаць з печы ежу, не стане браць з куфра бялiзну i нават не адрэжа лусты хлеба цi сала, калi трэба збiрацца куды-небудзь у дарогу. Лiчылася, што гэта – справа жонкi. Жанчына была поўнай гаспадыняй у свалй сферы i разам з тым памочнiцай i дарадчыцай мужа (“Хата гаспадыняю красна”, “Мужык не наносiць мяшком, што баба гаршком”).

Гаспадару даводзiлася няпроста таму, што патрабаваўся досведразумнага кiравання гаспадаркай, маёмасцю сям’i, а тасксама асабiстая ўменне добра выконваць работу i наяўнасць добрых маральных якасцяў (любовi да сям’i, да членаў сям’i пачуццл справядлiвасцi i iнш.). На касьбе, малацьбе i iншых работах гаспадар станавiўся першым.Толькi тады ён меў пашану ў сям’i i за яе межамi, быў у дзяцей прыкладам для пераймання. Гаспадар – гультай або п’янiца часцяком развальваў гаспадарку, а дарослыя дзецi iмкнулiся да раздзелу з iм.

У вялiкiх брацкiх сем’ях гаспадар, якiм лiчыўся старэйшы брат, не меў ужо такой улады i аўтарытэту, як бацька, бо юрыдычна браты лiчылiся роўнымi. Тут часцей адбывалiся сваркi памiж сем’ямi братоў  з-за выканання работ, маёмасцi i г.д., што i прыводзiла да разделу (“Як правiў бацька, то каты лазiлi, як стаў правiць сын, то i сабакi палезлi”).

У малых сем’ях галавой (гаспадаром) лiчыўся муж. Звычайна за вячэрай, за сталом, на так званай сямейнай радзе гаспадар-бацька размяркоўваў працу старэйшых дзяцей на наступны дзень (у полi, на лузе i г.д.). Перад жнiвом, сенакосам ён абавязкова абыходзiў поле цi луг, прыносiў да дому некалькi каласоў цi шматок травы i ў гутарцы вечарам паведамляў свае меркаваннi наконт неабходнасцi выканання той цi iншай справы. На радзе выслухоўвалася думка спачатку старэйшых членаў сям’i, а ў канцы -   гаспадынi. Гаспадар рабiў распараджэнне на наступны

дзень наконт неадкладных работ. Згодна з народным звычаям, нiякай важнай працы без даручэння гаспадара нiхто з членаў сям’i не меў права рабiць.

Гаспадар звычайна з’яўляўся распарадчыкам сямейнай скарбонкi (радзей-гаспадыня), якая папаўнялася ад продажу лiшкаў прадукцыi цi заробкаў членаў сям’i. Ен жа i плацiў падаткi. Што ж датычыцца зямлi, то распараджацца ёй адзiнаўласна бацька не мог (нi прадаць, нi перадаць каму-небудзь). У выпадку, калi такое здаралася, суд прызнаваў здзелку несапраўднай. А вось за дрэнныя паводзiны цi супрацiўленне бацькоўскай уладзе маглi бацькi пазбавiць сына часткi маёмасцi. Юрыдычна ўлада бацькi спынялася пры раздзеле з сынамi, хаця маральны ўплыў заставаўся за iм да канца.

Моц гаспадара заключалася не толькi ва ўменнi разумна гаспадарыць, але i ва ўтрыманнi сям’i ў саюзе (“Нашто клад, калi ў сям’i лад”), прымiрэннi сямейных спрэчак.

Бацька як гаспадар сям’i неаслабна сачыў за паводзiнамi дзяцей i нават сваякоў. Яму нададзена было права прымушаць працаваць гультаяватых, караць вiнаватых i вырашаць шмат якiя важныя пытаннi жыцця сям’i (жанiцьба сыноў i замужжа дачок, выпраўленне iх на заробкi i г.д.). Акрамя таго, гаспадар, па звычаёвым праве, наглядаў i кантраляваў, як члены сям’i трымаюцца абрадаў i iх удзел у святах.

Гаспадара акружалi знакамi павагi ў сям’i. За сталом на покуцi пад абразамi было яго законнае пачэснае месца. Усе астатнiя члены сям’i садзiлiся па старшынстве побач з iм: мужчыны з аднаго боку стала, жанчыны – з другога. Месца гаспадынi-заўсёды з краю, бо ёй трэбы завiхацца каля стала.

У час памiнальнай вячэры (“дзядоў”) пачэсная воля гаспадара выражалася ў тым, што ён павiнны быў ад iмя сям’i клiкаць на вячэру душы памерлых, адлiваць iм ежы цi ставiць яе за акном на ноч. Менавiта гаспадару належала першым пачынаць есцi пры любым застоллi.

Становiшча жанчыны ў беларускай сям’i не было роўным мужчыну, хаця не можа называцца i прыгнечаным. Непаўнапраўнае выяўлялася перш за ўсё ў неаднолькавых магчымасцях жанчыны ў параўнаннi з мужчынам у прыняццi рашэнняў, у правах наследавання i iнш. I разам з тым яна выконвала важную ролю гаспадынi дома, галоўнай выхавальнiцы дзяцей, якiх яна апекавала да паўналецця.

Жанчына-мацi павiнна была навучыць дзяцей працаваць, асаблiва дачок (шыць, ткаць, прасцi, гатаваць ежу i шмат чаму iншаму). На яе клаўся абавязак сабраць пасаг дачцэ.

Звычай абавязваў жонку падпарадкоўвацца мужу. Разам з тым, жорсткасць з боку мужа да жонкi была рэдкай з’явай i з’яўлялася прыкметай тых сем’яў,  дзе муж быў п’янiцам i буянам. Звычаёвае права ў такiх выпадках прадугледжвала сыход жонкi ад мужа (што, па сутнасцi, азначала развод).

Жанчына, уваходзячы ў сям’ю, магла карыстацца ўсiм, што здабывалася працай сям’i. Але ж яна не атрымлiвала права на агульную маёмасць, а толькi на тую частку, што здабыта падчас сумеснага жыцця з мужам. Маёмасцю, якую яна прынесла ў дом у якасцi пасагу, магла распараджацца самастойна.

Неаднолькавым было становiшча жанчыны ў малой сям’i, дзе яна была за гаспадыню, i ў вялiкай, дзе гаспадарыла адна, астатнiя ёй падпарадкоўвалiся. У нераздзеленай бацькоўскай сям’i гаспадыняй была мацi, i ад яе асабiстых якасцей у многiм залежыла, як складвалiся адносiны ў сям’i, у прыватнасцi памiж свекрывёй i нявесткамi (“Як добра свякроў, то добра i нявестка”). Звычайна першай па­мочнiцай свекрывi была старэйшая нявестка. Малодшым нявескам даводзiлася ўставаць раней i выконваць распараджэннi гаспадынi. Часам узаемаадносiны нявесткi i свекрывi складвалiся паводле народнай прымаўкi: “Свякроў любiць нявеску, як сабака дзеда”, або: “Зязюля – не птушка, нявеска – не дачушка”. I ўсё ж жыццё ведае шмат прык­ладаў добрых узаемаадносiнаў памiж нявесткай i свякроўю, якая была сапраўднай мацi для сынавай жонкi.

З’яўленне дзяцей у сям’i было радасцю (“Многа дзяцей – многа клопату, але i радасцi шмат”), але адначасова кожны лiшнi рот (асаблiва ў беднай сям’i) патрабаваў большых выдаткаў (“Не штука дзяцей мець – зарабiць на iх штука”). Аднак селянiн часцяком спадзяваўся, што “даў бог раточак, дасць i кусочак”, а калi вырастуць дзецi, стануць памошнiкамi бацьку i мацi.

З раннiх гадоў дзяцей прывучалi да працы, кожнае дзiця мела абавязкi ў залежнасцi ад узросту. З 5 гадоў дзецi няньчылi меншых братоў i сясцёр, а з 7 станавiлiся пастушкамi. У 12 гадоў  хлопчыкi пачыналi першыя практыкаваннi ў земляробстве: граблi сена, баранавалi, у 15 -  малацiлi, касiлi побач з бацькамi; 17-18 – гадовы юнак ўпэўнена працаваў з сахой. Дзяўчына к 16-17 гадам ведала ўсе жаночыя работы па гаспадарцы, прагожа ткала, вышывала, пляла карункi i г.д. А ў куфры мела неабходную колькасць тканых сарочак, ручнiкоў, сурвэтак, настольнiкаў, андаракоў i iншага адзення, зробленнага сваiмi рукамi, што складала яе пасаг.

Народная сiстэма выхавання беларусаў трымалася на вельмi важным прынцыпе строгасцi i патрабавальнасцi да дзяцей ва ўсiм i выхаваннi працай i ў працы. Трывалай нацыянальнай рысай народнай педагогiкi была замацаваная звычаем глыбокая павага дзяцей да сваiх бацькоў i дарослых увогуле. У многiх мясцiнах Беларусi бацькоў прынята было называць на “Вы”. Звычаёвае i афiцыйнае права абавязвала дзяцей падпарадкоўвацца волi бацькоў, i народная мудрасць сцвярджала, што “бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца”. Пад уладай i кантролем бацькi дзецi знаходзiлiся да ўступлення ў шлюб (дочкi) цi да раздзелу сям’i (сыны).

Нягледзячы на строгi падыход да выхавання дзяцей, народная мараль асуджала не толькi жорсткасць, але i рэзкасць у адносiнах да iх: “Хто дзяцей мае, няхай навучае”, “Гнi дзераўца, пакуль гнецца”, “Не бiце вяроўкамi, навучайце га­воркамi”. Нельга не зазначыць, што ў народнай выхаваўчай практыцы шырока прымянялiся розныя сродкi выхавання: угаворы, пагрозы, асуджэнне, вымовы i як выключная мера –  фiзiчнае пакарэнне (папругай, бiзуном, пугай i г.д.). Гэта было не­аб­ходна ў выпадках, калi не дапамагалi iншыя сродкi (“Нiчым няймеш: нi просьбай, нi грозьбай”). У цэлым жа да дзяцей (асаблiва маленькiх) ставiлiся добра. У беларусаў iснавала цэлая школа пеставання дзiцяцi, толькi частка якой захавалася да нашых дзён.

Стогая i патрабавальная народная сiстэма выхавання iснавала не толькi ў сялянскiм асяроддзi, яна вядома i сярод часткi беларускай шляхты (дваранства). Яшчэ з XVI ст. на Беларусi быў вядомы звычай “дзядзькавання”- аддачы дзяцей шляхты на выхаванне ў сялянскую сям’ю.

Цесныя сямейныя сувязi ў мiнулым спрыялi шанаванню дзецьмi не толькi членам шматлiкай сям’i, але i добраму веданню iмi пра блiжэйшых продкаў.

Маці

і яе роля ў сям”і

Мацi – жанчына ў адносiнах да народжаных ёю дзяцей. Самы блiзкi чалавек на свеце для кожнага з нас. Найбольш раннiя i цёплыя ўспамiны звязваюцца з матулiнай чулаласцю, сардэчнасцю, пяшчотай. Менавiта яна з першых дзён нараджэння дзяцей iх апякунка, галоўны выхавальнiк i абаронца. У народзе кажуць: “Птушка рада вясне, а дзiця мацi“, “Матчыны рукi заўсёды мяккiя”,  “Родную мацi нiкiм не заменiш”. Пяшчотная любоў мацi да сваiх дзяцей выяўляецца ў калыханках, калi ласкавы матыў песнi з яе вуснаў хутка заспакойвае i ўсыпляе дзiця. У песнях-калыханках мацi спрадвеку жадала дзiцяцi здароўя, дабрабыту, шчасця, долi, выказвала мары пра яго шчаслiвую будучыню, каб было яно радасцю i ўцехай бацькоў.

Успомнiш матку ты сваю,

Як цябе люляла,

Як табе ў ноч не раз

Песеньку спявала.

l першыя словы на роднай мове кожны пачуў ад сваёй мацi, пераважна ад яе iшло навучанне словам, першым крокам i першым пачуццям.

Усёдаравальная любоў да сваiх дзяцей уласцiва толькi жанчыне-мацi з прычыны яе большага эмацыйнага развiцця ў параўнаннi з мужчынам. У беларускай народнай творчасцi мы знаходзiм шмат прыкладаў, якiя пацвярджаюць гэта: “Дзiця балуюцца ад матчынага блiнца, а разумнеюць ад бацькавага дубца”, “У каго мацi радненька, у таго сарочка бяленька”, “Як дзiця плача, маткi сэрца з жалю скача”, “Нiхто столькi не мае, як родная матка” i г.д.

Разам з тым для мацi, як i для бацькi, характэрны  строгасць i патрабавальнасць у адносiнах да дзяцей як адметныя рысы нацыянальнага выхавання. Пяшчота i ласка да маленькiх з цягам часу змяняюцца на строгасць i патрабавальнасць да ўчынкаў i паводзiнаў старэйшых дзяцей. l хаця мацi не бывае ў сям’i жорсткай, у некаторых выпадках яна вымушана сварыцца на дзяцей i нават карыць iх.  Аднак  гэтыя пакараннi больш мяккiя за бацькоўскiя. Часцей за усё гэта вымова, забарона пагуляць або лёгкае плясканне па плячах цi iншым месцы анучай, крапiвой i г.д.

У мiнулым стагоддзi знаходзiлiся пад апекай мацi да паўналецця, дзяўчынкi нават болей – да моманту ўступлення ў шлюб.  Што датычыцца хлопчыкаў, то звычайна з 14-годовага ўзросту яны пераходзiлi пад апеку бацькi i за мацi заставалiся толькi кармленне, догляд за адзеннем i абуткам.

З ранняга маленства дзецi навучалiся ў мацi хатнiм справам. Гэта быў адзiн з галоўных абавязкаў мацi. Усе яе распараджэннi для кожнага з дзяцей падлягалi абявязковаму выкананню. Зрэдку спагадлiвыя адносiны мацi да дзяцей садзейнiчалi парушенню гэтых правiлаў. Асаблiвая роля мацi праяўлялася ў выхаваннi, у навучаннi разнастайным уменням i навыкам хатняй працы i рабоце па гаспадарцы дзяўчынак. Ад яе патрабавалася навучыць дачок прасцi, шыць, жаць, ткаць, гатаваць ежу, даглядаць свойскую жывёлу. А калi мацi была добрай майстарыхай, то i дочкi маглi стаць сапраўднымi рукадзельнiцамi. Да моманту выхаду замуж дочкi павiнны былi пад непасрэдным кiраўніцтвам i з дапамогай мацi рыхтаваць сабе ў пасаг тканыя i вышываныя сарочкi i ручнiкi, андаракi, пэўную колькасць iльнянога палатна i iншыя рэчы.

Згодна са звычаёвым правам беларусаў да мацi, як i да бацькi i старэйшых увогуле, iснавалi пачцiвыя адносiны. Да сённяшняга дня ў многiх раёнах Беларусi захаваўся зварот на “Вы” да мацi i бацькi. Мацi нельга было гаварыць грубыя i крыўдныя словы, абражаць яе, i гэта вытрымлiвалася ў сям’i. Рэдкiя выпадкi непаважных адносiнаў дзяцей асуджалiся грамадскай думкай.

Беларусы лiчылi вельмi важным педагагiчным фактарам прыклад бацькоў. Народная мудрасць заключалася ў тым, што ў маральным плане бацькi павiнны перадаць дзецям усё тое, што лiчыцца добрым, i самi быць прыкладам для пераймання. Мiр i спакой у сям’i , добрыя  зносiны, згода ў многiм залежалi ад жанчыны-мацi. Яе мудрасць услаўляецца ў многiх народных песнях.

- Ой, маманька, мама,

Што й та за прычына,

У лесе на пакосе

Ляжала дзяцiна.

- Забiрай дзяцiну-

Сорама не будзе,

Цераз гадок, другi

Табе помач будзе.

- Ой, маманька, мама,

Шчэ й друга прычына:

У сенях за дзвярыма

Там плача дзяўчына.

- Бяры ту дзяўчыну

Да й вядзi ж у хату,

Будзе табе жонка,

А дзiцяцi мацi.

Касiў Васiль сена

Фальклорныя творы ўтрымлiваюць шмат звестак аб перайманнi дзецьмi

паводзiнаў мацi i iх уплыве: “Калi матка ведзьма, дык i дачка зелле знае”,  “Ад злой мацi злыя i дзеткi“, “Якая дошка, такая стружка, якая мацi, такая дачушка”, “Якая матка, такое i дзiцятка” i г.д.

Мацi заўсёды блiжэй да дзяцей, чым бацька. Яна кормiць, поiць, даглядае дзяцей, з’яўляецца першай iх абаронцай, асаблiва ў маленстве. Таму ў выпадку разладу сямейных зносiнаў дзецi часцей выбiваюць бок мацi i становяцца яе фактычнымi абаронцамi.

Многiя ролявыя функцыi мацi не змянiлiся i ў сучаснай сям’i. Яна застаецца галоўнай апякункай i выхавальнiцай сваiх дзяцей. У адрозненне ад мiнулага, дзе жанчына-мацi была не толькi першым, але i  нярэдка адзiным настаўнiкам у навучаннi дзяцей, асаблiва дачок, розным справам, рамяству i г.д., цяпер яна усё часцей страчвае гэтую функцыю, перадае яе дашкольным, школьным i паза­школьным установам. У вынiку велiзарных змененняў у грамадстве пахiснуўся аўтарытэт мацi не толькi ў сацыяльна-эканамiчным, але i маральна-этычным плане.

Бацька

і яго роля ў сям‘і

Бацька – гэта мужчына ў адносінах да сваіх дзяцей. Бацька ў традыцыйнай сям’і меў велізарны аўтарытэт і ўладу над дзецьмі, служыў прыкладам для пераймання. Яго характэрнымі рысамі былі патрабавальнасць, стрыманасць і нават суровасць, якія не выключалі любоў да сваіх блізкіх. Нават калі ў сям’і існуе з боку бацькі моц­ная эмацыйная прыхільнасць да дзяцей, яго адносіны адрозныя ад мацярынскіх (“Бацька не матуля, не пацалуе і не прытуле”).

Бацькоўскія функцыі, у адрозненне ад мацярынскіх (фізічны догляд, кармленне, клопат пра дзяцей), акрэслівалася абаронай ад знешняй небяспекі і жыц­це­забеспячэннем сям’і. Бацька ў традыцыйнай сям’і і кармілец і вышэйшы дысцып­лінатар, і непасрэдны настаўнік у сферы сацыяльна-працоўнай дзейнасці.

Кожнае дзіця, якое выхоўвалася ў поўнай сям’і, адчувала сябе больш трывала, маючы моцную падтрымку бацькі (“як за каменнай сцяной”). Да бацькі (як кармільца сям’і ставіліся з увагай і пашанай. Слова яго было законам (“Бацькоўскае слова да­рэмнаі не гаворыцца”)). А распараджэнні і загады не падлягалі абмеркаванню і выконваліся ўсімі дзуцьмі.

У мінулым стагоддзі ўлада бацькі над дзецьмі была велізарнай і юрыдычна спынялася толькі пры раздзеле з сынамі, калі яны станавіліся самастойнымі гаспадарамі. Маральны ўплыў бацькі на дзяцей заставаўся да канца яго жыцця. Калі ж жанатыя сыны ці замужнія дочкі заставаліся жыць у роднай хаце, яны павінны былі ва ўсім падпарадкоўвацца бацьку. Вядомы беларускі этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі адзначаў, што “воля бацькі, маці, ці старэйшага дзяцькі, увогуле самага старэйшага ў сямействе члена  свяшчэнна для ўсяго сямейства, без яго волі нішто важнае не бывае”. Гэта была традыцыйная норма, якая не толькі вынікала са звычайнага права беларусаў, але і  падтрымлівалася афіцыйнымі правамі. Так, калі ў

суд траплялі сямейныя справы аб спрэчках бацькоў з дарослымі дзецьмі адносна выканання апошнімі волі бацькі ці маці, то ен выносіў рашэнне аб пакаранні абодвух бакоў: бацькоў – у выглядзе штрафаў за дрэннае выхаване, дзяцей – да цялесных пакаранняў (“бо трэба падпарадкоўвацца старэйшым”).

Такім чынам менавіта бацька, як прадстаўнік асобнай сям’і, нес адказнасць перад грамадствам за выхаванне дзяцей, іх маральнае аблічча. Яго абавязкамі былі клопаты пра стартавы ўзровень дзяцей: дапамога ў пабудове дома для сына, набыцце жывелы, розных рэчаў і грошай для пасагу дачкі. Воля бацькі часта была вызначальнай у выбары дзецьмі шлюбнай пары, калі кіраваліся перш за ўсе эканамічнымі інтарэсамі сям’і. У народных песнях выразна адлюстраваны ўплыў бацькоў на лес дзяцей (“То воля бацькі, воля мамкі, воля не мая” ).

Роля бацькі як вышэйшага дысцыплінатара выяўлялася ў тым, што ен сваей ўладай і аўтарытэтам мог спыняць любыя спрэчкі і свавольствы дзяцей. Як адзначаюць старыя людзі, бацьку дастаткова было глянуць на дзіця, каб яно зразумела, што далейшае свавольства пацягне пакаранне. Бацькавага фізічнага пакарання дзеці вельім баяліся. Гэта не азначае, штодля яго была характэрна жорсткасць. Паыводзіны і характар дзяцей розныя, таму, як сцвярджае народная мудрасць, “разумнае дзіця баіцца гразы, а дурное  – лазы”. Часцей за ўсе фізічнае пакаранне за дрэнныя ўчынкі і атрымлівалі хлопчыкі, энергія якіх нярэдка біла праз край. Амаль у кожнай хаце недзе каля столі ці ў іншым месцы бацька трымаў дубец (“бярозавую кашу”). Для той жа мэты падыходзілі таксама папруга, бізун, вожкі, вяроўка і інш.

У дарэвалюцыйных выданнях часта сустракаем звесткі пра выкарыстанне лыжкі, ўдарам якой па лбе бацька спыняў свавольствы малых дзяцей за сталом.

Асабліва вялікі ўплыў аказваў бацьк ана сыноў. Калі хлопчыкі дасягалі 12-13-гадовага ўзросту, апека над імі пераходзіла ад маці да бацькі. Кожны бацька рыхтаваў для сябе ўспрыемніка. Таму ен навучаў сыноў мужчынскім справам. У сем’ях рамеснікаў гэта было рамяство, у сялянкіх засвойвалі гаспадарчыя навыкі: баранаваць, касіць, апрацоўваць глебу і  г.д.  Акрамя таго, кожны бацька вучыў сыноў цяслярыць і сталярыць, звіць вяроўку і да т.п. Менавіта бацька фармаваў у іх мужчынскія якасці: мужнасць, спрыт, памаркоўнасць, пачуцце адказнасці і інш.

Сення аўтарытэт і выхаваўчы ўплыў бацькі да дзяцей значна зменшыўся з-за аслаблення мужчынскай ролі ў сям’і, з аднаго боку, і ўразнення правоў і абавязкаў маці і бацькі па ўкладзе ў забеспячэнне эканамічнага дабрабыту, з другога. Гэта мае вялікія негатыўныя вынікі, бо “аслабленне ўлады бацькі ў сям’і – велізарная сацыяльная катастрофа, таму, што разам з бацькоўствам аказаліся падарванымі ўсе знешнія і ўнутраныя структуры ўлады, дысцыпліна, самавалоданне і імкненне да дасканаласці”.

Жонка

замужная жанчына ў адносінах да мужа

Ідэалам жонкі-гаспадыні лічылася фізічна моцная, працавітая, добрая і прывабная жанчына (“Не шукай красаты, а шукай дабраты”, “Шукай жонку не на йгрышчы, а на іржышчы”, “Не хвалі жонку за цела, а хвалі за дзела”). Увогуле, ажаніцца азначала для мужчыны набыць работніцу ў дом . Таму выбіралі дзяўчат моцных здароўем, працавітых, якія ўмелі рабіць усе жаночыя справы.

У жанчыне ў большай ступені, чым ў мужчыне, жыве патрэба ў спагадзе, патрэба ў чалавеку, з якім можна падзяліць і радасць, і гора, і на якога можна абаперціся. Такім з’яўляецца мужык-сябар (“Які не Панцялей, а жыць весялей”, “За мужыковай спіной, як за сцяной”). Жанчыны прызвычайваліся да звароту “баба”. Калі жанчыны не было ў хаце, мужык казаў:”маёй бабы няма”, а калі хваліў: “ты добрая (лепшая і г.д.) баба”. А вось чужых жанчын не прынята было называць “бабы”, а “жоначкі”.

Жанчына ў сялянскай сям’і амаль не мела вольнага часу. Яна выконвала ўсю працу па доме і хатняй гаспадарцы: гатавала ежу, мыла бялізну, прыбірала, карміла свойскую жывёлу, даіла кароў, няньчыла дзяцей (“Без гаспадынькі хата, што дзень без сонца”). Доўгімі зімовымі вечарамі яна прала кудзелю, ткала, шыла бялізну для сваёй сям’і і рабіла яшчэ шмат іншых спраў, якія, дарэчы, не лічыліся сур’ёзнымі пры ўсёй сваёй цяжкасці і карысці. (“Мужык не носіць мяшком, што баба гаршком”, “Хазяйка ўстанець, то ў яе сто работ”). Больш паважалася фізічная праца ў полі, якую выконвала жонка нараўне з мужыком, як незаменная і неабходная памочніца. Гэта перш за ўсё сяўба, сенакос, уборка ўраджаю. Часцяком жанчыны ніколі не ўступалі мужыкам ні ў сіле, ні ў спрыце і разам з імі касілі, аралі, пілавалі ў лесе дровы, не адстаючы нават у цяжкай мускульнай працы. Да гэтага жанчын вымушала жыццё, асабліва калі яны заставаліся адны э-эа смерці мужыка. Працавалі ўсе жонкі, нават і тыя, якія мелі грудных дзяцей: яны прыносілі немаўлятак у поле і пакідалі ў калысцы з халсціны пад кустом ці ў “бабцы” з ільну, ячменю ці пшаніцы. Час ад часу жанчына падыходзіла да дзіцяці, каб пакарміць, суцешыць.

Насілі жанчыны андаракі , вышываныя сарочкі, фартухі. Асабліва прыгожа апраналіся на святы, кала надзявалі багата арнаментаваныя па рукавах, манжэтах, каўняры, пазусе сарочкі, якія самі і шылі. Андаракі рабілі з паўсукна, а летам апраналіся ў ільняныя спадніцы, паверх якіх завязывалі фартух з арнаментыкай са звычайнага льнянога палатна, а на пачатку XX ст. нярэдка з паркалю. Дапаўненнем жаночага касцюма былі безрукаўкі (“гарсэт”, “кабат”, “шнуроўка” і г.д.).

Замужная жанчына не магла хадзіць проставалосай нават дома. Старажытным жаночым галаўным уборам жанчыны была наметка (намітка), якую завязваць (завіваць) было даволі складана. У XІX ст. на змену ёй прыйшлі хускі, якія насіліся і зімой, і ўлетку.

Абуткам жанчынам ўлетку служылі лапці, чаравікі, зімой – валёнкі. Кожная

жанчына мела ўпрыгожанні, якія складаліся з пацерак  (“каралей”) і завушніцаў, што пераходзілі ад маці ці бабулі да старэйшай дачкі як сямейная каштоўнасць. Палескія жанчыны насілі на шыі так званыя магдалікі (выява якога-небудзь святога ці крыжа ў металічным абадку пад круглым шклом), а таксама металічныя пярсцёнкі па пальцах (“жукавіны”, “сігнэты”).

Падначаленне жонкі мужыку ўнушалася яшчэ з вянца, калі святар казаў: “Як Хрыстос – галава царквы, так муж – галава жаны сваёй”.

У беларускай сям’і жонка, калі яна была асабліва разумная, з цвёрдай воляй жанчына, мела значны ўплыў на мужыка. Як адзначаў вядомы этнограф і фалькларыст Павел Шэйн, жанчыну, хоць і лічаць “быццам бы значна ніжэй за мужчыну , так што нават сцвярджаюць, што мужык, калі нават заб’е жонку, не павінны ні перад кім адказваць , але на самой справе жанчына ім ніколькі не паддаюцца і не спускаюць”.

Праўда народ часта сумняваўся ў здольнасці жонкі замяніь мужыка і ўзначаліць справу. Больш за тое, ён асуджаў вяршэнства жонкі ў сям’і: “Дай жонцы волю, сам пойдзеш ў няволю”, “Калі бабскі строй, то кепскі пакрой”, “Дзе баба панам, там чорт камісарам”. Звычайна справы, якія тычыліся сям’і, абмяркоўваліся разам мужыком і жонкай, і выносіліся пэўныя рашенні. І жанчына, хаця і не мела поўнай роўнасці з мужчынам, выступала ў сям’і часцяком як дарадчыца і памочніца мужыка. А ў сваёй “жаночай” сферы яна была адзінай распарадчыцай усёй жаночай паловы абшчыны.

Жонка, каб паспець зрабіць снеданне мужыку і дзецям, павінна была ўставаць раней за ўсіх на 1-2 гадзіны. Перш за ўсё трэба было выпаліць у печ, падрыхтаваць стравы для сям’і на ўвесь дзень, а таксама ежу для шматлікавай свойскай жывёлы. 1-2 разы на тыдзень жонка пякла хлеб, што значна павялічвала час для знаходжання каля пячы. Інакш кажучы, члены сям’і уставалі, калі гаспадыня закончыць завіхацца каля пячы і зачыніць яе заслонкай. Снеданне трэба было падаць давідна, накарміць усіх, а потым прыбраць са стала, памыць пасуду і г.д.  І ў час, калі ўсе адпраўляюцца пасля вячэры “ ад столу к полу” , жанчына зноў працягвае свае бясконцыя хатнія справы і кладзецца спаць пад  “сладасный вопль і стон” членаў сям’і.

У беларусаў існавала паданне, якое называлася “Пачаму бабы работаюць не аддыхаючы?”. Запісана яно было ў Мсціслаўскім павеце Магілёўскай губерні. Паводле яго, аднойчы Бог сказаў: “Ну, каб жа табе і павек некалі было!”. З тае пары і павялося, што жанчыне няма ўгамону ні ў свята, ні ў будзень, бо праца для яе знаходзіцца заўсёды.

Юрыдычна жонка мела права на маёмасць, якую набылі разам з мужыком, і тую долю, якую яна прынесла ў сям’ю ў якасці пасагу. Пасля смерці мужыка жонка прызнавалася апякункай дзяцей да паўналецця і распараджалася ўсёй маёмасцю. Калі другі раз выходзіла замуж і ішла жыць у новую сям’ю, тады яна страчвала права на маёмасць і зямлю, што заставаліся нашчадкам.

Мужык

і яго роля ў сям’і

Мужык – жанаты мужчына ў адносінах да жонкі. У традыцыйнай сям’і ён, як правіла, быў галавой сям’і, г. зн. Кіраваў сямейным калектывам, быў яго прад­стаўніком на вясковых сходах, плаціў грашовыя і іншыя падаткі, нёс маральную і матэрыальную адказнасть за яго членаў. Без мужыка не вырашалася ні адна больш – менш важная сямейная справа, часцяком ён быў і казначэем сям’і. Яму належала юрыдычнае права распараджацца маёмастю сям’і.

Да сваих абавязкаў  галавы сям’і звычайна мужык ставіўся сур’ёзна і адказна. Ён добрасумленна працаваў на карысть сям’і, выконваючы самую цяжкую працу (араў, сеяў, нарыхтоўваў дровы , будаваў і рамантаваў хату, гаспадарчыя  пабудовы, умеў рабіць неадмысловую мэблю і розныя гаспадарчыя рэчы і прылады працы), падаваў добры прыклад для пераймання іншым яе членам. Таму мужык карыстаўся асобай павагай у сям’і і перш за ўсе высока цаніўся жонкай ( “За сокалам і варона сакаліца”, “За добрым кустом трава зелянее, за добрым мужам жонка маладзее”).

Ён быў абкружаны знакамі пашаны і павагі. Ніхто, акрамя гаспадара, не мог займаць пачэснага места “на куце”, пад абразамі.Як прадстаўнік і захавальнік хатняй набожнасці, першым павінен быў чытаць агульную малітву перад ядой, першым пачынаў есці.Абавязкам яго было строга сачыть за тым, як прытрымливаюцца члены сям’і народных традыцый і звычаяў, за парадкам правядзення святаў і абрадаў. За гаспадаром была вядучая роля ў абрадзе Дзяды, калі ён выступоў як прадстаўнік пэўнай сям’і перад сваімі продкамі (“дзядамі”), а таксама ў правяденні пахавальнай цэрымоніі.

Беларусы ў мужыку больш за ўсё цанілі здольнасть да фізічнай працы.Таму і мужа для сваёй дачкі бацькі  выбіралі менавіта з тых пазіцый (“Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, што на справу гож”). Вясковай жанчыне ўвогуле пражыць без мужыка цажка, бо гаспадарка патрабуе шмат “мужчынскай” працы. Нездарма ў народзе кажуць, што “Баба без мужыка, як калесы без каня”, “Двор без гаспадара плача”.Больш за тое, ёсць народная думка, што нават з дрэнным мужам лепей, чым без яго (“Сякі – такі, абы быў, абы хлеба зарабіў”, “Мужык хоць саламяны, такі лепш за таго, што няма”).Калі здаралася, што мужык заў­часна паміраў, жанчына “брала сабе прымака”, каб трымаць гаспадарку на належным узроўні.

Сумеснае жыцце мужыка і жонкі патрабуе згоды, без якой парушаецца нармальнае жыццядзейнасть. У дарэвалюцыйнай літаратуры часта сустракаюцца звесткі пра існаванне ў большасці сем’яў добрай згоды паміж мужам і жонкай і пра даволі рэдкія канфліктныя сем’і, у якіх мужык  – п’яніца. Пра добрыя узаемаадносіны народ звычайна казаў: „Жывуць душа ў душу”, „Нашто клад, калі ў сям’і лад” і інш.

Зладжанныя, памяркоўныя ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай – жыццёвая норма беларусаў. Часцей за ўсё мужчына звяртаўся да яе па імені, а калі былі дзеці,

нярэдка зваў яе “маці”. Сталыя мужчыны ўжывалі зварот “старая”. У размове з іншымі, гаворачы пра жонку, мужык карыстаўся словам “баба”, дадаючы “мая”. Жонка ў сваю чаргу, пра свойго мужыка гаварыла: “мой гаспадар”, “ чалавек”, “хазяін”, “доля”, “сябёр” або “стары”.

У пашане былі стрыманыя, сціплыя адносіны паміж мужам і жонкай. Вялікім сорамам ў народзе лічыліся пацалункі пры сведках, нават пры членах сям’і; не прынята было гаварыць у голас пра свае пачуцці. Ні родным, ні блізкім нельга было ўмешвацца ва ўзаемаадносіны мужа і жонкі ў час спрэчак. На гэты конт народная мудрасць папярэджвала: “Дзе мужык з жонкай сварацца, там трэці не мяшайся”, бо яны самі знойдуць выйсце з канфлікту (“Муж і жана – адна сатана”).

Вялікім няшчасцем для сям’і і жонкі, у прыватнасці, быў мужык як дрэнны гаспадар (“Ні госць, ні гаспадар”, “Ні жыць з ім , ні спароць”), так і мужык – п’яніца (“Калі гаспадар у карчме скачыць, то гаспадыня ў двары плачыць”).

Дачка

адносiнах да сваiх бацькоў

Да маленькiх дачок беларусы пяшчотна звярталіся: «дачушка», «доня». Апошнi зварот частей сустракаўся на Беларускiм Палессi ў раёнах, блiзкiх да Украiны.

Нягледзячы на разуменне таго, што «дачка – чужая крупеня», «гадуеш дзяўчыну – шыкуй пярыну», з’яўленне дачкi ў сям’i было не менш радасным, чым з’яўленне сына. Асабліва чакала яе нараджэння мацi, памочнiцай i дарадчыцай якой дзяўчынка станавiлася з гадамi («Без дачкi парастуць пад лаўкаю казлючкi», «Без дачкi сям’я, што печ без агня»). Выбiраючы дачцэ iмя, бацькi кiравалiся ўяўленнямi пра тое, што ёсць шчаслiвыя i нешчасливыя iмёны, якiя могуць уплываць  на яе лёс. Звычайна называлi iмем бабулi, мацi цi сваячкi, якiя карыстыліся павагай у сям’i i лiчылiся доб­рымі людзьмi, але частей давалi iмёны па святцах (у гонар хрысцiанскай святой i г.д.).

У беларусаў да XIX ст. быў вядомы абрад iнiцыяцыi (пераходу ад дной зроставай ступенi да другой i адасабленне хлопчыкаў i дзяўчынак). Н.Нiкiфароўскi апiсвае яго так: ва ўзросце 6-7 гадоў хлопчыка ўпершыню апраналi ў штаны, а дзяўчынку — у спадніцу, бо да гэтай пары  яны насiлi доўгiя кашулi. Адбываўся рытуал у пры­сутнастi ўсiх членаў сям’i. Падсцiлалася матчына спаднiца, i дачка апраналася на ёй у сваю. I, нiбыта, ад спрыту дзяўчынкi залежала працягласць яе жыцця (па народным вераваннi).

З ранняга дзяцiнства дачка пачынала дапамагаць мацi, знаходзiлася пад яе апекай аж да замужжа. Мацi было лягчэй справiцца з хатняй гаспадаркай, калi ёсць дачушка, якая прыбiрала ў хаце, вымятала i мыла падлогу, даглядала малодшых.

Пачыналi працаваць дочкi з 5-6 гадовага ўзросту, выконваючы нескладаныя аба­вязкi па доме. З 7-8 гадоў яны пасвiлi жывёлу, працавалi разам з мацi ў агародзе i ў полi.

12-гадавая дзяўчынка вучылася прасцi, потым i ткаць. Спачатку ёй пакiдалi самы

горшы лён (“асмычаны”), а калi авалодвала ўменнем прасцi, то давяралi i “кужаль”. Так з поздняй восенi i напрацягу ўсёй зiмы разам з мацi дачка прала або ткала, з надыходам вясны i лета – сеяла гароднiну, палола грады, зграбала сена i салому, жала жыта i ячмень, брала лён i рабiла яшчэ шмат якой работы, патрэбнай у гаспадарцы. Толькi на святкi i ў рэдкiя хвiлiны перапынкаў памiж працай дачка магла бавiць час у гурце равеснiкаў.

Чым меншая сям’я i бяднейшая, тым болей даводзiлася працаваць дачцэ. А калi ў ёй не было сыноў, то выконваць i хлапецкую працу.

У маладосцi дачка ўжо ведала ўсе “жаночыя” справы па гаспадарцы. Большасць дзяўчат умелi не толькi прасцi i ткаць, але i вязаць кручком карункi, якiмi ўпрыгожвалi ручнiкi, настольнiкi, каўняры, насоўкi i iншыя рэчы, а таксама панчохi. Многiя самастойна шылi сабе фартукi, кашулi, спаднiцы, а потым вышывалi iх. Гэтыя рэчы iшлi як на патрэбу сям’i, так i ў пасаг

Дачка ў беларусаў лічылася дарослай з моманту ўступлення ў шлюб. У больш ад­далены час (XVI – XVII стст.) уступленне ў правы дарослага грамадзяніна пачыналася ў «леты зупольныя», якія для хлопчыкаў былі ў 15-18, а для дзяўчат у 13-15 гадоў.

Па народнай  традыцыі  кожная дачка  сама ці з дапамогай маці рыхтавала сабе пасаг: палатно, адзенне і рэчы сямейнага ўжытку. На працягу некалькіх гадоў усё гэта складвалася ў “кубель” (скрыню). У адной з народных песень гаворыцца пра тое, як дачка просіць маці рыхтавацца ёй кубел, бо на дварэ ўжо сваты. А тая адказвае: “Калі кудзелечкі не скубла, пойдзеш замуж без кубла”.

Да шлюбнага моманту дачка была падрыхтованая не толькі як гаспадыня, што валодае навыкамі ўсіх жаночых спраў, але  і як будучая маці, знаёмая са школай  пешчання (ведала песні-калыханкі, забаўлянкі, гульні), а таксама з прыёмамі догляду за маленькімі , сродкамі іх лячэння і г.д. Звычайна ўзорам для  яе з’яўлялася маці, ролю якой яна паўтарала і ўзнаўляла.

Замужняя дачка не атрымлівала ніякай долі пры раздзеле маёмасці бацькоў. У мі­нулым яна мела спадкаемныя справы толькі тады, калі ў сям’і не было болей дзя­цей. Бацькоўская зямля заставалася дачцэ толькі ў выпадку, калі яна брала ў дом прымака.

Сын

у адносінах да сваіх бацькоў

У большасці сялянскіх сем’яў сын быў больш пажаданым, чым дачка. Беларусы кіраваліся ў гэтым перш за ўсё меркаваннямі практычнага характару: каб мець апору ў старасці і памочніка ў гаспадарцы. Гэта думка яскрава пацвярджаецца прыкладамі з фальклору: «Калі ў мяне сын народзіцца, я здабуду для гасцей вішнёвага соку, калі дачка – і шалаша не пастаўлю».

Беларуская шляхта таксама часцей хацела сыноў. Калі селянін радаваўся

з’яўленню працаўніка, то дваранін – спадкаемцу. Народ не без падставы лічыў, што «сын у дом грабе, а дачка ў людзі бярэ », « хто мае дочкі, той ходзіць без сарочкі, а хто мае сынкі, той пячэ блінкі », бо дзяўчыне патрабуецца пасаг, калі яна выходзіць замуж. Ідэалам беларуса было мець не аднаго, а болей сыноў і, адпаведна, больш працаўнікоў у гаспадарцы, якая патрабавала прыкладання шматлікіх рук: «Адзін сын – не сын, два сыны – паўсыны, тры сыны – сын ». Трэба ўлічваць і той факт, што менталітэт беларусаў зыходзіў тут і з педагагічнай практыкі (у сям’і, дзе адно дзіця, выхаванне яго мае хібы). Народныя прымаўкі прама гавораць, што « з адзінякі будзе сабака », « з пестуна нічога не будзе ».

Звычаёва права беларусаў патрабавала паважлівых і клапатлівых адносінах да бацькоў. Малодшы сын, згодна са звычаем, пасля вяселля заставаўся жыць у сям’і бацькоў, даглядаць і карміць іх у старасці старасці і адначасова быў іх спадкаемцам.

Сыноў назвалі: “сын”, “сынок”, “сыночак” (“дзіцёнак”), дадавалі пры гэтым: старэйшы сын”, “сярэдні сын” (“селядоршы”) ці “малодшы сын”. Абавязкам сыноў (нават жанатых) з’яўлялася падпарадкаванне волі бацькоў. У мінулым стагоддзі пашыраным было жаданне раздзелу жанатых сыноў з бацькамі, асабліва ў тых сем’ях, дзе звадкі рабілі сумеснае жыццё немагчымым. Калі стары бацька добраахвотна адмаўляўся ад гаспадарання, галавой сям’і станавіўся старэйшы сын.

У раннім дзяцінстве сыны знаходзіліся пад апекай маці. Пачынаючы з 4 – 5  гадоў, маленькі сын уцягваўся ў пасільную працу па доме разам з іншымі братамі і сёстрамі. Ён выконваў і ролю нянькі (калі не было дзяўчынак).

Йнакш кажучы, у маленстве хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі аднолькавую работу. Па меры сталення розніца ў занятках станавілася больш заўважальнай. З сямі гадоў сын мусіў ужо дапамагаць маці карміць свойскую жывёлу і птушку. Хлопчыкам даводзілася насіць ваду са студні ці крыніцы, глядзець за птушкамі, пасвіць коз, свіней, а пазней і буйную рагатую жывёлу. “Пастухоўскі век” сыноў пачынаўся з 7 га­доў і заканчваўся ў 12-13, калі іх месца займалі малодшыя, і толькі з 12-14 гадоў разам з бацькам сыны пачыналі выконваць “мужчынскую” працу па гаспадарцы. У сем’ях беднякоў нярэдка аддавалі сыноў у наём (у батракі), дзе яны ад Вялікадня да Змітраўкі ( з сакавіка па кастрычнік) пасвілі жывёлу за невялікі заробак, а то і проста за адзенне і харч.

Строгая сістэма выхавання дзяцей была не толькі ў сялян. Сваіх сыноў у канцы XVI- XVIII стст. вельмі строга выхоўвала беларуская шляхта. Прыкладам з’яўляецца вядомы з часоў Вялікага Княства Літоўскага звычай “дзядзькавання” (“сынкавання”), калі заможныя шляхціцы аддавалі сына на пэўны тэрмін (некалькі гадоў) на выхаванне ў сялянскую сям’ю або на панскі двор другога шляхціца, каб зрабіць са свайго сына гаспадара з добрымі фізічнымі і духоўнымі якасцямі, уласцівымі про­стаму народ: працавітасцю, любоўю да зямлі, сілай і вынослівасцю, непера­борлівасцю у ежы і адзенні.

Да 17- 18 гадоў, дзякуючы сумеснай працы з бацькам і набыццю самых разнастайных гаспадарчых ведаў і навыкаў, сялянскі сын станавіўся сапраўдным гаспадором, які пры неабходнасці спраўляўся з любой працай.

Першавера продкаў

* Чакаючы дзiця…

* Цяжарная жанчына i стаўленне да яе ў традыцыйнай культуры беларусаў

Дзiця ў традыцыйнай культуры беларусаў разглядалася як неад’емная частка прыроды. Яго зачацце, нараджэнне i развiццё, выхаванне падпарадковалiся агульным касмiчным законам.

Тое, што ў апошняе дзесяцiгоддзе ў бiялагiчнай i псiхалагiчнай навуках толькi даказваецца, а менавiта вызначальная роля развiцця дзiцяцi ва ўлоннi мацi, калi фармуюцца шматлiкiя дэтэрмiнанты паводзiнаў дарослага чалавека, нашым продкам было добра вядома. Пачнем з моманту зачацця. На беларускiм матэрыяле выяўляюцца два вiды ўяўленняў са сваёй спецыфiкай паводзiнаў.

Адзiн з iх зводзiцца да таго, што плод унутры цела мацi развiваецца з мужчынскага семя. Побач з фiзiялагiчна абгрунтаванымі поглядамі сустракаліся  і больш фан­тастычныя ўяўленні пра зачацце, якія грунтаваліся на ідэі ўсялення зародка ў цела ма­ці пад уздзеяннем вонкавых абставінаў. Такое павер’е апраўдвае існаванне шматлікіх магічных дзеянняў, закліканых стымуляваць дзетанараджэнне. Напрыклад: жаніха і нявесту на традыцыйным вяселлі асыпалі арэхамі, аўсом, зернем жыта, бо ўсё гэта – сімвалы плоднасці; яйка, яблык, яечня, якімі частуюца маладыя  падчас вяселля, выконваюць тоесную функцыю. Былі і разнастайныя спосабы лячэння бяздетнасці ў жанчын: піццё адвару рознай расады, кары дрэў, настойкі дзічай плацэнты, крыві з пупавіны нованароджанага, з’яданне зародка курыных яек. А ўспомнім сюжэты беларускіх казак, дзе галоўны герой (у далейшым становіцца асілкам) з’яўляецца на свет у выніку незвычайнага зачацця: жанчына з’ела гарошыну і зацяжарыла («Пакаці-гарошак»), у цела жанчыны трапляе рыбіна – нараджаецца хлопчык («Iван – царскі сын»), жанчына зацяжарыла ад мядзведзя («Iвашка – мядзвежае вушка») і інш. У гэты шэраг доказаў можна паставіць і тлумачэнні старэйшым дзецям у сям’і, адкуль у іх узяўся маленькі брацік ці сястрычка – «бусел прынёс», «у капусце знайшлі», і выслоўе «Бог даў дзіця», і вераванне, што дзіця можна папрасіць у продкаў.