Краязнаўча-этнаграфiчны музей “Спадчына”

Няўмольны час робіць сваё. Большасць традыцыйных самаробных прылад працы, прадметаў побыту, рэчаў хатняга ўжытку адышлі ў нябыт, саступілі месца прамысловым вырабам. Ды нельга дапусціць, каб разам з імі адышлі ў нябыт узоры народнай мастацкай творчасці. Гэта наш нацыянальны здабытак, аснова для развіцця сучаснай культуры. Трэба рабіць усё, каб выявіць, сабраць, зберагчы тыя ўзоры народнай мастацкай творчасці, якія яшчэ захоўваюцца ў народным побыце.

Так ўзнікла ідэя стварэння краязнаўча-этнаграфічнага музея “Спадчына”. Чаму “Спадчына”? Таму, што ў сценах музея вырашана было сканцэнтраваць матэрыял аб гісторыі, культуры, народных промыслах, аб людзях якія сваей працай, талентам пакінулі след на зямлі Бярозаўшчыны. А ўсе гэта складае нашу матэрыяльную і духоўную спадчыну.

Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака – вытокам, а чалавек – сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца “ценькія дубочкі”, магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, – такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа.

Першая ўмова закону вечнасці – каб унукі ведалі, “хто такія іх дзяды”, каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць.

Мэта работы музея – не толькі сабраць гэты матэрыял, але і выхаваць у нашых навучэнцаў усведамленне цвёрдага грунту пад    нагамі, усведамленне сваіх коранёў, жаданне зберагчы бясцэнныя скарбы і працаваць на карысць Бацькаўшчыны.

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена.

Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.

У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай

Нашых душ карані, з вузялкамі ўпартасці.

Радкі з верша Ніла Гілевіча як нельга лепей стасуюцца з мэтай нашай работы. Увесь сабраны матэрыял размешчаны ў наступных залах:

  1. 1. З глыбінь вякоў.
  2. 2. Побыт, этнаграфія.
  3. 3. Ткацтва. Народны касцюм Бярозаўшчыны.
  4. 4. Літаратурная зала.