Пад небам бацькаўшчыны
АБАСНАВАННЕ ВЫБАРУ ТЭМЫ ПРАЕКТА
Тапанімічны слоўнік – асноўная частка даследчай працы – можа служыць дапаможнікам настаўнікам геаграфіі ў школах Бярозаўскага раёна, усім краязнаўцам і наогул аматарам пазнання мінулага і сучаснага роднага краю.
Вывучэнне геаграфічных назваў (тапонімаў) мае два ўзаемазвязаныя аспекты – пазнавальны і педагагічны.
Пазнавальны аспект шматгранны. Значная частка тапонімаў засяроджвае ўвагу таго, хто з імі знаёміцца, на асаблівасцях аб’екта, якія характарызуюць яго як у цяперашні час, так і ў мінулым. Назвы жывуць вякамі і часта з’яўляюцца сведкамі геаграфічных умоў мінулага, што вызначае каштоўнасць назваў як гісторыка–геаграфічнай крыніцы.
У педагагічным аспекце вывучэнне тапаніміі – адзін з найбольш удалых накірункаў краязнаўчай работы. Вывучэнне мясцовых геаграфічных назваў з поспехам можна праводзіць або ў спецыяльных тапанімічных гуртках, або ў геаграфічных, адводзячы тапаніміцы толькі пэўную частку часу.
Вынікі даследавання наогул, і асабліва матэрыял распрацаванага слоўніка, паслужыць настаўнікам крыніцай для вырашэння разгледжаных аспектаў у працэсе вывучэння геаграфіі Беларусі. Яны могуць выкарыстоўвацца і пры вывучэнні іншых геаграфічных дысцыплін, а таксама для выкладання факультатыўнага курса па тапаніміцы Беларусі ці свайго краю.
Тапонімы, асабліва айконімы, – гэта своеасаблівая “памятка дзён, што ў нябыт уцяклі”. Азнакамленне з імі – шлях да пазнання гісторыі свайго краю, гісторыі народаў, якія насяляюць яго. Вывучэнне геаграфічных назваў адкрывае вялікія магчымасці па ўсталяванню міжпрадметных сувязей геаграфіі з гісторыяй, з курсамі беларускай і рускай моў, з іншымі вучэбнымі дысцыплінамі.
Праца над гэтай работай дала магчымасць пашырыць і паглыбіць веды аб нашым родным краі – Бярозаўшчыне, яго непаўторнай гісторыі, своеасаблівай прыродзе і гаспадарчай дзейнасці продкаў маіх землякоў, бо ўсё гэта пакінула адбітак у ягонай тапаніміі. Акрамя таго, даследуючы тапаніміку раёна, мы атрымалі навыкі навуковага даследавання, працы з літаратурнымі, гісторыка-дакументальнымі даведнікавымі слоўнікамі і картаграфічнымі крыніцамі, што, безумоўна, спатрэбіцца ў жыцці.
МЭТЫ І ЗАДАЧЫ ПРАЕКТА
- Азнаёміцца з тапанімікай раёна.
- Сабраць легенды і паданні аб вёсках і ўрочышчах Бярозаўшчыны.
- Скласці слоўнік тапонімаў Бярозаўскага раёна.
- Развіваць уменне навучэнцаў даследаваць і самастойна здабываць веды з розных крыніц і выкарыстоўваць іх ва ўласнай дзейнасці.
- Стварыць умовы для выхавання паважлівых адносін да дзейнасці таварышаў, адчуванне адказнасці за асабіста выкананую працу.
- Стымуляваць цікаўнасць да сваіх каранёў.
Час выканання праекта: 3 гады.
Удзельнікі праекта: навучэнцы 394 групы на працягу 1-3 курсаў.
ЭТАПЫ ПАДРЫХТОЎКІ І АБАРОНЫ ПРАЕКТА
Праектная ініцыятыва
Абмеркаванне тэмы праекта «Пад небам Бацькаўшчыны». Выяўленне глыбіны ведаў па тэме.
Вызначэнне канчатковага выніку праекта
- Стварэнне слоўніка тапонімаў Бярозаўшчыны.
- Правядзенне канферэнцыі «Назвы вёсак – назвы Беларусі».
Стварэнне груп і размеркаванне абавязкаў
Кіраўнік і кансультант праекта, сацыёлаг, лінгвісты, гісторыкі, біёлагі, этнографы, фатографы і мастакі, журналіст, бібліёграфы.
Распрацоўка групавога навучальнага маршруту
Навошта? – паглыбіць свае веды па гісторыі Бярозаўшчыны, перадаць іх нашым людзям, усвядоміць важнасць тэмы і таго,
Што мы ўзыйшлі не з насення, што ветрам занесена,
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані з вузялкамі ўпартасці.
Ніл Гілевіч
Што адкрылі і пра што даведаемся? - сустрэнемся з многімі людзьмі, пабываем у вёсках Бярозаўшчыны, запішам легенды і паданні аб вёсках, урочышчах Бярозаўшчыны, атрымаем навыкі працы са слоўнікамі і даведачнай літаратурай.
Каму раскажам у будучым? – перадамо інфармацыю нашым дзецям і ўнукам, раскажам усім, каму гэта будзе цікава.
Правядзенне мазгавога штурму, стварэнне банка ідэй
- правесці даследаванне па выяўленні ступені актуальнасці пытання;
- пазнаёміцца з тэарэтычнымі асновамі тапанімікі як навукі;
- сабраць легенды і паданні аб вёсках, урочышчах раёна;
- наведаць Бярозаўскі краязнаўчы музей;
- скласці спіс літаратуры, у якой магчыма знайсці інфармацыю па тэме праекта;
- сабраны матэрыял аформіць у выглядзе слоўніка;
- падрыхтаваць абарону праекта (правесці канферэнцыю па тэме праекта).
Размеркаванне заданняў.
Збор матэрыялаў, кансультаванне.
Творчыя справаздачы груп з выкарыстаннем нагляднасці (фотаздымкі, малюнкі і г.д.).
Прэзентацыя праекта
- Канферэнцыя «Назвы вёсак – назвы Беларусі»
Міні-маніторынг
Мэта: выявіць узровень ведаў па даннай праблеме (праводзіцца перад пачаткам распрацоўкі праекта і пасля канферэнцыі).
- Як цябе завуць? Раскажы крыху аб гісторыі свайго імя.
- Дзе ты жывеш?
- Чаму так называецца твая вёска (горад)?
- З якімі мясцінамі звязаны самыя светлыя ўспаміны?
- Калі б табе прыйшлося паказаць Бярозаўшчыну замежным гасцям, што б ты паказаў (назаві 3 аб’екты)?
- Што б ты мог расказаць аб іх?
- Ці патрэбна маладому чалавеку веды па тапаніміцы?
СЛОЎНІК ТАПОНІМАЎ БЯРОЗАЎШЧЫНЫ
Вёскі беларускія мае…
Вёскі беларускія мае вы,
Лёс, як слёзы, горкі і салодкі.
Цётак і дзядзькаў маіх сугрэвы –
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Сонейка на свежым смольным цёсе
Ліпне ціхім променем дрыготкім,
А на квецці – пчолак шматгалоссе, -
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
У вянках гаёў, што цешаць вока
Ці на ўзлессі пушчаў – іхніх продкаў –
Ланы жыта, бульбы рай навокал –
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Над магілай дзеда зажуруся,
Песні ўспомню ўсіх, што помню, цётак…
Назвы вёсак – назвы Беларусі:
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Застануся з вамі, нібы дрэвы
І жаўрук высокі, звонкі, лёткі…
Толькі каля вас мае сугрэвы,
Крывічы, Загалічы, Кракоткі!..
Алег Лойка
Гістарычная даведка
Бярозаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. і існуе як адмістрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Брэсцкай вобласці. Размешчаны раён у цэнтральная частцы вобласці. На захадзе і паўночным захадзе ён мяжуе з Пружанскім, на паўночным усходзе і усходзе – з Івацевіцкім, на паўднёвым усходзе – з Іванаўскім,
на поўдні – з Драгічынскім, на паўднёвым захадзе – з Кобрынскім адміністрацыйнымі раёнамі Брэсцкай вобласці. Сучасная тэрыторыя Бярозаўскага раёна складае 1421 км2, з якіх 264 км2 – пад рэкамі і азёрамі. Працягласць тэрыторыі раёна з захаду на ўсход 48 км, з поўначы на поўдзень – 41 км.
Рэльеф
Паверхня Бярозаўскага раёна – плоская забалочаная водна-ледавіковая раўніна. 64 % тэрыторыі яе не перавышае 150-160 м над узроўнем мора. Агульны нахіл тэрыторыі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Найвышэйшы пункт – 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара), найніжэйшая адзнака – 141,6 м (на ўрэзе Спораўскага возера). Каля вёскі Бронная Гара трапляюцца ўзгоркі вышынёй 160-178 м. Адносныя перавышені рэльефу раёна да 10 м/км2. У даліне рэк яны перафышаюць 5 м/км2.
На поўдзень ад шыраты г. Бярозы даліна Ясельды дзеліць тэрыторыю раёна на дзве адметныя па рэльефу часткі. Усходняя частка, дзе пераважаюць вышыні 145-150 м, знаходзяцца ў межах Прыпяцкага Палесся. Заходняя частка адносіцца да водна-ледавіковай равўніны Загароддзе. У яе межах перавышаюць групы марынных узгорках вышынёй 160-170 м над узроўнем мора.
А
Аброўскае (Обровское) – нізіннае балота на ўсходзе раёна, на вадазборы ракі Ясельда (асноўны масіў яго ў Івацевіцкім і Іванаўскім раёнах). Плошча 4,2 тыс.га (18,3% усяго масіву). Не асушана. Выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва – вынік транстапанімізацыі: в. Аброва ў Івацевіцкім раёне – Аброўскае балота, паколькі большая частка яго размяшчана непадалёку ад гэтай вёскі. Пераход айконіма ў гелонім. У аснове іх – этнонім абры, ці авары, назва манголы і цюркамоўных плямёнаў, якія, паводле летапісных крыніц, у VI – VIII стст. засялялі Прычарнамор’е, Прыдунайскую нізіну і Балканы.
Агароднікі (Огородники) – в. у Сакалоўскім с/савеце (407 ж., 186 двароў). Назва сацыяльна – эканамічнага паходжання. У ВКЛ агароднікамі называліся збяднелыя сяляне (былая “чэлядзь нявольная”), якія ў адпаведнасці з “Уставам на валокі” 1557г. надзяляліся 3 маргамі (каля 2 га) зямлі і па 10-20 двароў ссяляліся ў вёскі паблізу панскіх фальваркаў. Агароднікі павінны былі працаваць у фальварках – адбываць паншчыну: 19 дзён у год за 1 марг зямлі. Вёскі, населеныя агароднікамі, часта атрымлівалі аднайменную назву (БелСЭ, т.1, с.68; т.2, с.578; т.11, с 259; ЭГБ, с.48; Жучкевіч, 1974, с. 264). Сувязь назвы з агародніцтвам як беларускага тапаніміста В.А. Жучкевіча і ў аўтара гэтага даследавання не выклікалі ніякіх сумненняў і пярэчанняў.
Алёхнавічы (Олехновичи) – в. у Малецкім с/савеце (31 ж., 21 двор). Назва паходзіць ад імя Алёхна, утворанага ад кананічнага імя Алексей. На Брэстчыне такая форма гэтага імені дакументальна фіксуецца з першай паловы XVI ст. (Бірыла, 1966, с. 24; 1982, с. 233).
Альшэва (Ольшево) – в. у Белаазерскім с/савеце (80 ж., 20 двароў). Напэўна назва паходзіць ад наймення шырока распаўсюджаннага лісцёвага дрэва ВОЛЬХА (руск. Альха).
Алясец (Олесец) – был. в. у Сігневіцкім с/савеце. У 1972 г. злілася з вёскай Ястрабель. У аснове назвы апелятыў лес. Алясец – паселішча на ўскрайку лесу: а-лес-ец.
Аніцавічы (Оницевичи) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (65 ж., 39 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад імя Аніцыі (Ониции) – рэгіянальнай формы ад імені Анісій (Онисий). Існаванне ў XVI-XVII ст. гэтага малаўжывальнага ў беларускай патраніміі імя адзначаў М.В. Бірыла (1966, с.129; 1982, с.138).
Асавецкія (Осовецкие) – в. (да 1972 г.) у Нарутавіцкім с/савеце. Назва паходзіць ад беларускага ландшафтнага тэрміна АСАВЕЦ – месца, якое парасло асіннікам (Яшнік, 1971, с.15). Першапачаткова яна замацавалася за хутарамі, з якіх пазней сфарміравалася вёска.
• мясцовы ландшафтны тэрмін АСЕК (АСЕКА), які азначае месца, вызваленае ад лесу дзеля далейшага выкарыстання пад ворыва ( , 1984, с. 418).
Б
Бармуты – в. у Сігневецкім с/савеце (38 ж., 29 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Бармута, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 43) і пашырана на Бярозаўшчыне.
Батарэя (Батарея) – в. у Міжлескім с/савеце (120 ж., 70 двароў). Назва аднайменны апелятыў са значэннем “шэраг аднародных прадметаў”. (ТСБН, т. 1, с. 349). Яна, магчыма, адлюстроўвае адметнасць забудовы вёскі: у старой частцы яе сядзібы размешчаны ў два рады са значным адрывам адна ад другой.
Белаазёрск (Белоозёрск) – г. ц. Белаазёрскага с/савета. Назва ўтворана 25.06.1960 г. ад гідроніма Белае озера, ля якога размешчаны горад, з дапамогай гарадскога суфікса – ск.
Белае (Белое) – возера на паўднёвым усходзе раёна ў Спораўскай азёрнай групе. Плошча 5,06 км2. Выкарыстоўваецца ў якасці ахаладжальніка Бярозаўскай ДРЭС. Назва паходзіць ад слова “белы”. Але гэта не азначае, што вада ў возеры
Блудзень (Блудень) – был. назва (да 1964 г.) вёскі Першамайская (гл.). У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1590 г. Па граматычнай структуры назва супадае з “БЛУДЕНЬ” (белар. БЛУДЗЕНЬ) са значэннем “дураслівец, свавольнік, гарэза” (Даль, Т.1, с. 95), але калькай яго не з’яўляецца. У айканіміі апелятывы, якія характарызуюць якасці, прафесіі, род заняткаў людзей у адзіночным ліку не ўжываюцца: ганец-в. Ганцы, знахар-в. Знахары, токар-в. Такары. У дадзеным выпадку было в Блудзені. Відавочна, назва ўтваралася ад старажытнаславянскага слова БЛУДЬ са значэннем “блуканне” (Шанский и др., 1971, с. 49). Яна давала характарыстыку адметнасцей мясцовасці, на якой узнікла вёска: тут выпадала блукаць у пошуках дарогі. З аднакарэннымі словамі “блудны”, “блуднік”, “блудніца” сэнсавай сувязі не мае.
Боркі (Борки) – в. ц. Боркаўскага с/савета (308 ж., 125 двароў). У гістарычных крыніцах (1629 г.) ужываецца назва Барок (БЭФ, Т.1, с. 449). Гэта дае падставу лічыць, што назва з’яўляецца дэмінутывам ад мясцовага геаграфічнага тэрміна бор – невялікая ўзвышанасць, пагорак (Талстой, 1969; Яшкін, 1971, с. 25). Такія этымалогія і сементыка назвы пацвярджаюцца тапастановішчам вескі. З апелятывам бор – сасновы лес – сувязі не мае.
Бронная Гара (Бронная Гора) – чыгуначная станцыя на лініі Брэст-Мінск, што ў Сакалоўскім с/савеце (1095 ж., 409 двароў). Назва- вынік транстапанімізацыі ад назвы ўрочышча Бронная Гара. Урочышча-чыгуначная станцыя-пасёлак. У суседнім Драгічынскім раёне ёсць урочышча Бронкэ (на паўночны захад ад Драгічына). Паходзіць ад слова Броный- белы, светлы; у аснове якога руска-
царкоўнаславянскае БРОНЬ са значэннем “белы” (Даль, т.1, с.130; Фасмер, т.1,с. 217) у спалучэнні з геаграфічным тэрмінам ГАРА са значэннем “узвышанасць”. Дадатковае пацвярджэнне – старадаўняе слова БРОНЕТЬ (ад асновы БРОНЬ) са значэннем “святлець”, якое прыводзіць М. Фасмер. Урочышчы з азначанымі назвамі ўяўляюць сабой адкрытыя, светлыя прасторы сярод лесу. Напісанне з падвоенным “н” – памылка сучаснага правапісу: правільна – Броная Гара.
Бераставец (Берестовец) – нізіннае балота на паўдневым усходзе раёна, у вадазборы ракі Ясельда. Плошча 1,3 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 2 м. Выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць (0,7 тыс. га асушана). У аснове назвы, на першы погляд, найменне дрэвавай пароды БЕРАСТ (Ulmus cozpinifolia) з сямейства вязавых, якая трапляецца ў паўднёвых і цэнтральных раёнах Беларусі. Але паколькі гэтае дрэва на балотах не расце, дык такая этымалогія назвы малаверагодная. Больш прымальна яе паходжанне ад назвы шырока вядомага дрэва БЯРОЗА (старажытнаславянская і сучасная мясцовая форма гэтай назвы БЯРЭСТА). І. І. Сразнеўскі адзначае раўназначнасць старажытнарускіх слоў БЯРЭСЦЕ і БЯРЭЗ’Е (БЕРЕСТЬЕ и БЕРЕЗЬЕ) з сэнсам бярозавы зараснік, бярозавы лес. Такія віды бярозы, як бяроза пушыстая (Betula pubenscens) і бяроза нізкая (Betula humilis) звычайна растуць на нізінных балотах. Растуць яны, асабліва бяроза пушыстая, і на масіве Бераставец. У такім выпадку назва балота – калька з мясцовага ландшафтнага тэрміна БЕРАСТАВЕЦ, які семантычна тоесны беларускаму ландшафтнаму тэрміну БЯРОЗАВЕЦ са значэннем “бярозавы гай” (Яшкін, 1971, с. 29)
Бухалі (Бухали) – в. у Малецкім с/савеце (3 ж., 2 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Бухало, якое ў беларускай актрапаніміі вядома з XVII ст. (Бірыла, 1969, с.72).
Бяроза (Берёза) – г., адміністрацыйны ц. раена. У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 г. З другой пловы XVII ст. да 1940 г. – Картуз-Бяроза, Бяроза-Картузская. Назва – апелятыў поймення лістевага дрэва Бяроза. Існаванне азначэнняў Картуз і Картузская звязана з касцёлам і кляштарам картэзіанцаў, ці картузаў, якія тут былі пабудаваны ў 1648-89 гг.
В
Вайцяшын (Войтешин) – в. у Пескаўскім с/савеце (290 ж., 133 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад формы Войце старажытнаславянскага імені Войцех, пашыранага ў палякаў і зафіксаванага ў беларускай антрапаніміі з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 51).
Варажбіты (Ворожбиты) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (83 ж., 38 двароў). Назва – множны лік апелятыва варажбіт. Так называюць таго, хто займаецца варажбой (ТСБЛМ, 1996, с.106). У аснове – старажытна-беларускае слова ВАРАЖБА са значэннем “уменне адгадваць мінулае або будучае”. Магчыма, у назве зафіксаваны род заняткаў першапасяленцаў вескі.
Вашчанка (Вощанка) – в. у Першамайскім с/савеце (36 ж., 23 двары). Назва ўтворана ад тэрміна ВАШЧЫНА – неачышчаны воск – ці вытворнага ад яго слова ВАШЧЫЦЬ – націраць або насычаць воскам. Калькай аднайменнага тэрміна ВАШЧАНКА – насычаная воскам тканіна, або папера – не з’яўляецца. У суседнім Пружанскім раёне ёсць роднасны айконім – в. Вашчынічы.
Вінец (Винец) – каналізаваная ў 1905 г. рака на поўдні раёна, правы прыток Ясельды. Пачынаецца на аднаіменным нізіным балоце між вёскамі Росахі і Доўгае Пружанскага раёна. Агульная даўжыня 52 км. Прымае меліярацыйныя каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі, Машковіцкі і Шышковіцкі (злева). Назва паходзіць ад мясцовага геаграфічнага тэрміна – вын’я – вялікая прагаліна ў лесе (Жучкевіч, 1974, с. 52). Утворана з дапамогай дэмінутыўнага фарманта – ец.
Вінін (Винин)- в. у Сігневіцкім с/савеце (86 ж., 51 двор). Магчыма, сучасная форма назвы трансфармавана з першапачатковай Вынік, у аснове якой мясцовы ландшафтны тэрмін вын’я – вялікая прагаліна сярод лесу (Жучкевіч, 1974, с. 62).
Віснявічы (Висневичи)- в. у Малецкім с/савеце (26 ж., 18 двароў). Назва загадкавая. Па форме(на-ічы)-адпатрамічная, але ў антрапанімічных крыніцах імя Віска ці прозвішча Віснавіч (Віснявіч) не зафіксавана. Відавочна, яна паходзіць ад старадаўняга ўсходнеславянскага слова Вісна са значэннем “абвіслая ад цяжару кветак або пладоў галіна”, на існаванне якога ўказваў В. Даль (т.1.с. 207). Гэта дае падставу выказаць два меркавання паходжання назвы.1) Апелятыўнае: Віснявічы-паселішча на месцы з дрэвамі ці кустоўем з абвіслымі галінамі. 2) Патранімічнае: Віснявічы-паселішча, першы пасяленец якога меў мянушку Віска. Дапушчальна збліжэнне з запазычынымі з грэчаскай мовы словам віс(вусъ) са значэннем “тонкі лен” (Срезневский, т. 3, Доп., с. 40; Фасмер, т. 1, с. 320).
Восаўцы (Осовцы); варыянт Асаўцы(Осовцы) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (201 ж., 101 двор). Назва-множны лік беларускага ландшафтнага тэрміна АСАВЕЦ, які азначае месца, парослае асіннікам. У аснове-аса = асіна, асіннік (Яшкін, 1971, с. 15; Жучкевіч, 1974, с. 275-276; Мурзаев, 1984, с. 418). У Драгічынскім і Столінскім раёнах – вв. Асаўцы.
Высокае (Высокое) – в. у Высокаўскага с/савета (144 ж., 72 двары). Назва -характарыстыка мясцовасці, на якой размешчана паселішча: высокае месца адносна наваколля.
Г
Галавіцкія (Головицкие) – в. у Стрыгінскім с/савеце (131 ж., 81 двор). Назва- калька з назвы ўрочышча (лясны масіў), ля якога размешчана паселішча. Утворана ад мясцовага геаграфічнага тэрміна ГАЛАВА – узвышанае месца, невялікая ўзвышанасць (Мурзаў, 1984, с. 149). Адпавядае польскаму glowa, балгарскаму глава з тым жа сэнсам. Не выключана сувязь з ландшафтным тэрмінам ГАЛАВАЧ – векавы лес (Яшкін, 1971, с. 45). Такая этымалогія назвы пацвярджаецца тапастановішчам вёскі: размешчана на ўскрайным нізінным балоце.
Галіцы (Голицы) – в. у с/савеце (115 ж., 63 двары). У аснове назвы мясцовы геаграфічны тэрмін ГАЛЬ або ГАЛА – голае месца, чыстая прастора (ДСБ, 1989, с. 42; ТСБЛМ, 1996, с. 140). Фасмер з гэтым жа значаннем прыводзіць тэрмін гал(Фасмер, т.1. с. 384). Магчыма і адпатранімічныя паходжанне – ад прозвішча Галіца, якое вядома ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 98). Пацвяржденне таму – знаходжанне вёскі ў арыяле патранімічных айконімаў Бярозаўшчыны: Бармуты, Карпяшы, Сабалі, Ціхны.
Горач (Горочь) – был. в. у Бярозаўскім с/савеце. У 1964 г. перайменована ў Светач (гл.). У аснове назвы геаграфічны тэрмін гара са значэннем “высокае месца”, а не ГОРЫЧ – горкі пах, смак, ці горкае пачуццё, як гэта паказалася тым, хто абгрунтоўваў перайменаванне. Былая руская транскрыпцыя ГОРЕЧЬ – памылковая.
Горск – в. у Малецкім с/савеце (114 ж., 70 двароў). Назва ўтворана ад геаграфічнага тэрміна гара са значэннем “высокае месца”, з дапамогай “ гарадскога” суфікса – ск.
Д
Давыдавічы (Давыдовичи) – в. у Малецкім с/савеце (32 ж., 22 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад кананічнага праваслаўнага імя Давыд, якое для Брэстчыны зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1982, с. 57). Імя рэдкае. Больш часта ўжывалася ў XVI-XVIII ст.ст..
Дарагабуж (Дорогобуж) – назва ракі Жыгулянка (гл.) у ніжнім цячэнні, ад возера Чорнае да ўпадзення ў Ясельду. Даўжыня 13,2 км. Гідронім – composite, мае ў сваім складзе дзве каранёвыя марфемы: ДАРОГА і БУСА – “выдзеўбаная лодка, човен”. Сематыка назвы – дарога для бусы (дарога для чоўна). Чаргаванне “с” “ж”- магчымае. Непадалёку в. Буса, на рацэ Ясельда ў Іванаўскім, рака Бусяж і аднайменная вёска на ёй ў Івацэвіцкім раёне. Летапіснаму Дарагабужу на рацэ Гарынь і гораду Дарагабужу ў Смаленскай вобласці Расіі толькі сугучна.
Дзягілец (Дягилец) – в. у Здзітаўскім с/савеце (190 ж., 90 двароў). Назва ёсць дэмінутыў ад дзягіль– найменне травяністай меданоснай расліны сямейства парасонавых (Angelika archangelica), якая здаўна выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне. Расце яна ў лясах, хмызняках, на лугах, ускрайках балот, на ўсёй тэрыторыі раёна. Цяпер выкарыстоўваецца ў лекавых мэтах, кандытырскай і лікёра-гарэлачнай вытворчасці.
Е
Елянова (Еленово) – в. у Міжлескім с\савеце (82 ж., 52 двары). Адпатранімічнае паходжанне назвы ад жаночага імя Елена (Жучкевіч, 1974., с.117) мала верагоднае: на Брэстчыне, як і на ўсёй Беларусі, гэтае імя ўжываецца ў форме Алена (Олэна). Магчыма, ў аснове назвы старажытнаслывянскае слова ЕЛЕНЬ – алень (Даль, т.1, с.518): у Польшчы г. Еленя -Гура з этымалогіяй “алення гара” (Ніконов, 1966, с.136). З улікам тапастаовішча вёскі дапушчальна збліжэнне асновы яе назвы з мясцовым геаграфічным тэрмінам ЕЛАНЬ – паляна, паша, луг (Мурзаеў, 1984, с.198). Паводле В.А.Жучкевіч на паўднёвым усходе Беларусі ЕЛАННЮ называюць луг-сухадол, лясную высечку або расчыстку (Жучкевіч, 1984, с.117). Аналаг па форме ўтварэння – в. Мокрава ў Лунінецкім раёне: этымалогія – “паселішча на мокрым месцы”.
Ж
Жыгулянка (Жигулянка) – р., левы прыток Ясельды. Пачынаецца на паўднёвым заходзе Івацэвіцкага раёна. Даўжыня 44 км. У ніжнім цячэнні мае назву Дарагабуж (гл.) На Беларусі, акрамя Жыгулянкі, гэты рад тапонімаў прадстаўляюць р. Жыглянка (адна з назваў ракі Альшанка ў басейне Нёмана) і в Жыгулі ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. В.А. Жучкевіч супастаўляе іх з літоўскімі словамі zygis – паход, zygiuti – ісці, рухацца і адносіць да балтызмаў. У якасці паўвярджэння прыводзіць прозвішча Жыгуліс (Жучкевіч, 1974, с.123). Не адмаўлячы такой падставы, думаецца, не менш грунтоўна выводзіць іх ад рэгіанальнага беларускага слова ЖЫГА са значэннем “жвавы, быстры”. (Бірыла, 1969, с.150; ТСБЛМ, 1996, с.200), маючы на ўвазе цячэння вады ў рэчках. Выраз “жыг” ужываецца для адлюстравання быстрага руху: “жыг – і памінай як звалі!”
Жычын (Жичин) – в. у Першамайскім с\савеце (187 ж., 102 двары). Наяўнасць у назве суфікса прыналежнасці – ык дапускае аснову на-а. Магчыма ЖЫЧЫНА са значэннем “прут, дубец”. Аднак не выключаецца сувязь з балцкімі мовамі: па М.Фасмеру (т.2, с.58) жычана роднасна літоўскаму gaiksta – вяха, межавы знак. Тады Жычын – паселішча на месцы ці ля межавага знака. Сувязь са славянскім ЖЫЦА – каляровая, пераважна чырвоная, шарсцяная пража або нітка (Фасмер, т.2, с.57) менш верагодная.
З
Залужжа (Залужье) – в. у Малецкім с\савеце (65 ж., 36 двароў). Назва – арыенцір: мясцовасць за лугам адносна больш старога пасялення Малеч. Па форме – прэфіксальны апелятыў.
Зарэчча (Заречье) – вв. у Бярозаўскім (325 ж., 145 двароў) і Сігневіцкім (104 ж., 54 двары) с\саветах. Назвы – арыенціры: паселешчы за рэкамі – першае за Ясельдай адносна г. Бяроза, другое за Вінецам адносна в. Сігневічы. Па форме – аналаг Залужжа. Заялоў’е (Заяловье) – нізіннае балота на поўночным усходе раёна, на вадазборы ракі Жыгулянка. Полшча 8,6 тыс. га (большая частка ў Івацэвіцкім раёне). Часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва, найбольш верагодна, утворана ад тэрміна яловы лес з дапамогай прэфікса “за”. Заялоў’е – назва арыенцір; азначае месца за яловым лесам. Суадносіць з тэрмінамі ЯЛАВІНА, ЯЛАВАЯ ЗЯМЛЯ – аблога, неўрадлівая зямля – не дазваляе арфаэпія назвы.
Здзітава (Здитово) – в.ц. Здзітаўскага с/савета (570 ж., 189 двароў) і в. у Спораўскім с/савеце (1146 ж., 438 двароў). На месца Здзітава Спораўскага сельсавета быў перанесены летапісны горад Здзітаў, які ў Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца пад 1252 г. У сувязі з асадай і разбурэннем яго войскамі манамахавічаў. Як мястэчка Здзітаў на гэтым месцы ўпершыню згадваецца ў 1430 г. У “Кнізе судовых спраў літоўскіх” 1520 г. называецца горадам. Назва другой вёскі, як і яе цёзкі ў Жабінкоўскім раёне, таксама старадаўняя і першапачаткова мела форму Здзітаў. Форма Здзітава паявілася напачатку ХVIII ст. (Ширяев, 1991, с.32). Па аснове і фарманту назва быццам бы патранімічная, але пярэчыць гэтаму наяўнасць адпатранімічнага прозвішча Здзітавец. Магчыма, аснова яе не славянская. В.А.Жучкевіч (1974, с.139-140) на падставе агульнасці асновы ставіць Здзітава ў адзін рад з назвамі Дзітва (рака, прыток Нёмана), Дзітрыкі (в. у Лідскім раёне на Гродзеншчыне) і этымалагічна звязвае з тапонімамі прускіх тэрыторый Дзітмарш, Дзітцум, Дзітфурт, Дзітэрсдорф і г. д. Але такое збліжэнне небясспрэчнае: на славянскіх тэрыторыях сустракаюцца тапонімы Збураж, Збараж, Збунік і інш., у якіх “з” не прэфікс , а частка асновы. Этымалогія назвы патрабуе высвятлення.
Зубачы (Зувачи) – в. у Сялецкім с/савеце (60 ж., 33 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Зубач, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.161). У аснове – апелятыў зубач са значэннем “зубаты”.
К
Кабакі (Кабаки) – в. у Першамайскім с/савеце (655 ж., 288 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кабак, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.164). Этымалогія ад апелятываў са значэннем карчма, шынок (рус. Кабак) беспадстаўная.
Калонія (Колония) – в. у Здзітаўскім с/савеце (30 ж., 20 двароў). Назва – аднайменны апелятыў са значэннем “паселішча перасяленцаў з іншай мясцовасці, краіны”. (ТСБЛМ, 1996, с.261).
Карпяшы (Карпеши) – в. у Першамайскім с/савеце (86 ж., 49 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Карпеш, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с.95) і ўтворана ад кананічнага праваслаўнага імя Карп, вядомага на Брэстчыне з XVI ст. Карпяшы, відавочна, нашчадкі Карпа ці Карпы.
Касілавічы (Косиловичи) – был. в. у Нарутавіцкім с/савеце, цяпер частка в. Нарутавічы. Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Касіла, якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с.191).
Кашалёва (Кошелево) – в. у Боркаўскім с/савеце (87 ж., 43 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кашэль, зафіксаванага ў антрапаніміі Беларусі з XVI ст. (Бірыла, 1969, с. 197).
Круглае (Круглое) – в. у Бярозаўскім с/савеце (22 ж., 13 двароў). Назва ўтворана ад мясцовага ландшафтнага тэрміна КРУГ – альховы лес на балоце (Талстой, 1969) або край балота і гала, дзе добра расце трава (Яшкін, 1971, с.96). Пацвярджаецца тапастановішчам паселішча,
Крываблоты (Кривоблоты) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (213 ж., 82 двары). Літаральны сэнс назвы – крывыя балоты (ад бел. КРЫВЫ і польск. Blota – балота), але не пацвярджаецца тапастановішчам паселішча. Таму больш стасуецца адпатранімічнае паходжанне: ад паланізаванага прозвішча Крываблот, якое ў беларускай антрапаніміі нікім не зафіксавана. Але вытворнае ад яго прозвішча Крываблоцкі сустракаецца часта, у тым ліку і на Брэстчыне.
Крэчат (Кречет) – был. в. у Сігневіцкім с/савеце (з 1972 г. частка вёскі Сігневічы), каналізаваная рака, правы прыток Ясельды. Даўжыня 15 км. Пачынаецца на паўднёвы захад ад вёскі Акіцавічы. Назвы-калькі наймення драпежнай птушкі сямейства сакаліных.
Куроўшчына (Куровщина) – в. у Сялецким с/савеце (104 ж., 51 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кур, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі з XV ст. (Бірыла, 1969, с. 232) ці больш позняга Кураў. У аснове кур – старабеларуская назва пеўня. Фармант – шчыка паказвае на прыналежнасць паселішча ці месца, на якім яно ўзнікла, уладальніку з такім прозвішчам.
Л
Лазова (Лозово) – был. в. у Бярозаўскім с/савеце. Цяпер частка вёскі Селаўшчына. У аснове назвы апелятыў ЛАЗА – зараснік кустоў вярвы (Salix). Такія зараснікі былі і застаюцца адметнасцю мясцовасці, на якой некалі ўзнікла гэтае паселішча.
Левашкі (Левошки) – в. у Бярозаўскім с/савеце (209 ж., 118 двароў). Назва адпатранімічная, утворана ад прозвішча Левашко, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с.108). Прозвішча паходзіць ад аднайменнага імя – вытворнай формы ад Лявон, вядомай на Беларусі з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 85). У дакументах 1577 г. сустракаецца Левошко Данилевич.
Левашкі (Левошки) – нізіннае балота на поўначы раёна, у пойме ракі Ясельда. Плошча 1,9 тыс. га. Частка балота затоплена вадасховішчам Сялец. Астатняя тэрыторыя выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва – вынік транстапанімізацыі: перанесена з размешчанай паблізу вёскі Левашкі (гл).
Лісічыцы (Лисичицы) – в. у Белаазёрскім с/савеце (354 ж., 132 двары). Назва адпатранімічная, утворана ад прозвішча Лісіца, якое на Беларусі фіксуецца з XV ст. (Бірыла. 1969, с. 253). Прозвішча – калька апелятыва Лісіца. Лісічыцы, магчыма, нашчадкі першапасяленца па прозвішчу Лісіца.
Лукомір = Лукомер (Лукомер = Лукомир) – веска ў Малецкім с/савеце (182 ж., 76 двароў). В.А. Жучкевіч (1974, с. 212) гэтую назву адносіць да адпатранімічных і разглядае як кальку з уласнага імя Лукамір з першапачатковым сэнсавым значэннем, гаспадар узбярэжжа. Але такі сэнс не стасуецца з тапастановішчам паселішча паблізу няма ніякага ўзбярэжжа. Ды й імя Лукамір не зафіксавана ні ў якіх пісьмовых крыніцах. Дарэчы, у тапаніміі імёны ў назоўным склоне адзіночнага ліку ўжываюцца вельмі рэдка. Думаецца, больш падстаўна разглядаць назву як складаны адапелятыўны тапонім лука + мір. Апелятыў лука ў славянскіх мовах мае шэраг значэнняў: ст. – рус. лука – “выгін”; укр. лука – “заліўны луг”, балг. Лука – ”выгін”, “луг і выган”; сербахарв. Лука – “даліна”, “гай”, “лес”; чэш. сонка – “дзялянка”, “парослы травой луг” і г.д. (Мурзаев, 1984, с.351; Фасмер, т.2, с.351). Мір, паводле М.Фасмера, мае значэнне “сельская абшчына” (паселішча). Зыходзячы з апошняга Лукамір – паселішча ля выгіну, лугу або лесу, што пацвярждаецца тапастановішчам вёскі [І, А, а].
Лясковічы Вялікія, Лясковічы Малыя (Лесковичи Великие, Лесковичи Малые) – вв. у Боркаўскім с/савеце (адпаведна 377 ж., 165 двароў; 6 ж., 6 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Лясковіч (Жукевіч, 1974, с.201). Намі гэтае прозвішча выяўлена ў Брэсце і іншых мясцінах вобласці. [ II, Б].
М
Малеч – пас., ц. Малецкага с/савета (2332 ж., 804 дворы). Першы ўпамін у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1528 г., пад назвай Мальча. У XVI ст. горад, надзелены самакіраваннем па магдэбургскаму праву. Пазней – мястэчка Малеч. У 1940 – 1969 гг. – вёска. У аснове назвы магчыма укр.маль – маладыя авечкі (Фасмер, т. 2, с. 263), што збліжае з белар. малеча – дробныя істоты, драбяза (ТСБЛМ, 1996, с. 330). Утворана з дапамогай фарманта – ча, які ў мінулым меў прыкладна тое же значэнне, што і фармант – ка ў больш познім тапаўтварэнні. Паходжанне ад імя Мал – драўлянскі князь, які згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 946 г., – мала верагоднае.
Манявічы (Маневичи) – вёска ў Белаазёрскім с/савеце (212 ж., 78 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Маневіч, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.275).
Маравіль (Маревиль) – в. у Сігневіцкім с/савеце (762 ж, 284 двары). Дапушчльны дзве гіпотэзы этымалогіі і семантыкі назвы: ад беларускага маравы (маравая пошасць) са значэннем “Эпідэмія, якая выклікала вялікую смяротнасць” (ТСБЛМ, 1996, с. 333) з фармантам – ль: Марав(ы)і – ль (тыпу Бягомль, Лукомль на Беларусі, Любомль на Украіне). Фармант – ль – сведка старажытнасці назвы
Маравіль, магчыма паселішча, у якім некалі ад эпідэміі памерла многа людзей. Складаная назва з дзвюма старажытнымі асновамі: мара + віла, дзе мара адзначае “смуга” або “прывід, здань”, а віла – “русалка ці кімора, якая жыве ў вадзе або паветры”. (Срезневскій т. 1, с. 257). Тады назва адпатранімічная, паходзіць ад кананічнага праваслаўнага імя Мар’ян, якое зафіксмвана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1982, с. 87).
Мастыкі (Мостыки) – в у Высокаўскім с/савеце (246 ж, 121 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Мастыка, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1996, с. 237) і пашырана на Бярозаўшчыне. В. А. Жучкеквіч (1974, с. 243) памылкова выводзіць яе ад апелятыва мост.
Мацвеевічы (Матвеевичи) – в. у Міжлескім с/савеце (36 ж., 21 двор). Утварылася ў 1972 г. у выніку зліцця вёсак Вялікія і Малыя Мацвеевічы. Назва адпатранімічная, пходзіць ад імя Мацвей, якое на беларусі дукументальна зафіксавана з XVII ст. (Бірыла, 1966, с. 116; 1982; с. 133). Цяпер пашырана ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці (Бірыла, 1982, с.88).
Машковічы (Машковичи) – в. у Здзітаўскім с/савеце (145 ж., 77 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Машковіч, якое ўласціва беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 282).
Міжлессе (Междулесье) – в. ц. Міжлескага с/савета (620 ж., 260 двароў). Узнікла ў 1972 г. у сувязі з аб’яднаннем былых вёсак Вялікае Міжлессе і Малое Міжлессе ў адно паселішча. Назва-арыенцір, характарызуе становішча вёскі паміж ляснымі массівамі.
Мінкі (Минки) – в. у Сігневіцкім с/савеце (90 ж., 48 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Мінко, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с. 120) і з’яўляецца вытворным ад кананічнага праваслаўнага імя Міка, Мікай.
Міхалінак (Михалинок) – в. у Міжлескім с/савеце (87 ж., 48 дварў). Назва адпатранімічная: ад імя Міхал, якое шматразова зафіксавана ў антрапаніміі Бярозаўшчыны (Бірыла, 1982, с. 93) і з’яўляецца вытворнай фомай ад папулярнага кананічнага праваслаўснага імя Міхаіл.
Міхалкі (Михалки) – в. у Боркаўскім с/савеце (95 ж., 51 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад Міхал – рэгіянальнай формы папулярнага на Беларусі і ў раёне імя Міхаіл (гл. Міхалінак).
Міхнавічы (Михновичи) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (59 ж., 33 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад імя Міхно, якое ў Беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 97) і з’яўляецца вытворнай формай ад кананізаванага імя Міхаіл.
Мормажава (Морможево) – в. у Бярозаўскім с/савеце (197 ж., 70 двароў). Назва, відаць, патранімічнага паходжання: ад мянушкі Мормаж са значэннем “марматун” (ад мармытаць). В. А. Жучкевіч (1974, с. 241-242) спасылаецца на К. М. Гупікова, якім для XVII ст. устаноўлены мянушкі Мормуль і Мармуля. Магчыма, існаваў і варыянт Мормаж.
Н
Навасёлы (Новосёлки) – в. у с/савеце (76 ж., 62 двары). Назва сведчыць аб адноснамаладым “узросце” паселішча: узнікла пазней, чым г. Бяроза і навакольныя вёскі. Семантыка яе – новае паселішча. [І, А, д].
Навое, варыянт Новае (Новое) – в. у Стрыгінскім с/савеце (282 ж., 114 двароў). Назва, магчыма, утворана ад славянскага нава са значэннем “русалка” (Ніконов, 1966, с. 282); навое – русалчына. Пераасэнсаванне ў Новае памылковае. [ І, Д].
Нарутавічы (Нарутовичи) – в. у Нарутавіцкага с/савета (332 ж., 121 двор). Назва адпатранімічная: утворана ад прозвішча Нарут , зафіксаванага ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969 , с. 291). Першапасяленцамі паселішча, магчыма, былі нарутавічы – нашчадкі Наруты. [II, Б].
Нівішчы (Нивищи) – в. у Першамайскім с/савеце (32 ж., 18 двароў). Назва ўтворана ад тэрміна ніва з дапамогай фарманта – (і) шчы. У гістарычных актах XV-XVI стст. нівай называецца валока зямлі, якая складаецца з 24 маргоў. Магчымы і іншыя значэнні тэрміна НІВА: невялікае полеў лесе, участак зямлі аднаго гаспадара, апрацаваны і засеяны ўчастак зямлі (Яшкін, 1971, с. 121). Нівішчы – паселішча на месцы ніваў. [I, Г, а].
Нівы (Нівы) – в. у Белаазёрскім с/савеце (692 ж., 274 двары). Назва – множны лік апелятыва НІВА (гл. Нівішчы) . [I, Г, а].
Ніўкі (Нивки) – в. у Белаазёрскім с/савеце (173 ж., 74 двары). Назва – множны лік тэрміна ніўка са значэннем “поле на месцы сенажаці або расцяробу лесу” ( Яшкін, 1971, с. 122). Семантыка яе – паселішча на месцы ці каля нівак.[I, Г, a].
Новыя Пескі (Новые Пески) – в. у Пескаўскага с/савета (2277 ж., 836 двароў – разам з вёскай Ст. Пескі). Асноўная частка назвы – множны лік рэгіянальнага геаграфічнага тэрміна ПЕСАК са значэннем “пясчанае месца, пясчаная неўрадлівая глеба” (Яшкін, 1971, с. 160), які часта служыў тапонімаўтваральнай асновай на Брэстчыне. Дае характэрыстыку глебагрунтоў мясцовасці, на якой узнікла паселішча. Азначальны прыметнік “новыя” паказвае на больш позняе ўзнікненне паселішча адносна вёскі Старыя Пескі (гл.), якая цяпер злілася з Новымі Пескамі.[I, A, г].
П
Пабежыно ( Побежино) – х. у Сялецкім с/савеце. Назва адапелятыўнага роду накшталт Беразіно, Крамно, Сяльцо, Сянно; прэфіксальна-суфіксальнаьнага тыпу ўтварэння: Па-беж-ын-о. У аснове яе старажытна-славянскае слова бежж – бег, бегчы (Фасмер, т. 1 , с. 143).
Падкраічы (Подкраичи) – в. у Малецкім с/савеце (595 ж., 203 двары). Назва-арыенцір: паселішча ля краю якога-небудзь прыроднага ўтварэння, у дадзеным выпадку бліз краю буйнага ляснога масіву.
Падоссе ( Подосье) – в. у Бярозаўскім с/савеце (184 ж., 98 двароў). Назва-арыенцір: паселішча каля асінавага зарасніку ці асінніку. Гл. Асавецкія і Восаўцы.
Панасавічы ( Панасовичи) – в. у Сялецкім с/савеце (115 ж., 58 двароў). Адпатранімічная назва, утворана ад імя Панас (рэгіянальная форма ад Апанас), якое ў беларускай антрапаніміі фіксуецца з 1528 г. ( Бірыла, 1982, с. 155). Магчыма, першапасяленцамі былі нашчадкі чалавека па імені Панас.
Парослава (Порослово) – в. у Бярозаўскім с/савеце (48 ж., 22 двары). Назва ўтворана ад мясцовага ландшафтнага тэрміна ПАРОСЛЬ са значэннем “бор, чысты радкаваты сасновы лес” (Якшін, 1971, с. 135). Пацвярджаецца нават сучасным топастановішчам вёскі.
Пасталова (Постолово) – в. у Малецкім с/савеце (98 ж., 54 двары). Назва
адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Пастол, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.316). У аснове яго – пастол са значэннем “скураны або лыкавы лапаць”.
Паўлавічы (Павловичи) – в. у Малецкім с/савеце (94 ж., 55 двароў), чыг. ст. на лініі Брэст – Мінск. Назва адпатранімічная, утворана ад папулярнага праваслаўнага імя Павел (Паўла), якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. і шырока прадстаўлена ва ўсіх раёнах Брэстчыны (Бірыла, 1982, с.99-100).
Перасудавічы (Пересудовичи) – в. у Высокаўскім с/савеце (271 ж., 136 двароў). У назве, магчыма, зафіксавана найменне жыхароў, што пасяліліся на зямельным участку, які яны атрымалі па ПЕРАСУДУ – паўторнаму судоваму разбору справы (ТСЛБМ, 1996, с.471).
Першамайская (Первомайская) – в. ц. Першамайскага с/савета (1842 ж., 853 двары). Назва сімвалічная, нададзена ў 1964 г. былой вёсцы Блудзень (гл.) у гонар святочнага дня Першае мая.
Пешкі (Пешки) – в. у Боркаўскім с/савеце (169 ж., 89 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Пешка, якое ў форме Пешко ў баларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с.322-323).
Плехаўшчына (Плеховщина), варыянт Пляхаўшчына (Пляховщина) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (149 ж., 72 двары). Назва ўтворана ад мясцовага геаграфічнага тэрміна ПЛЕХАВІНА (ПЛЕШЫВИНА) – голае месца, паляна ў лесе. Плехаўшчына – паселішча на ПЛЕХАВІНЕ. Стасуецца з беларускім тэрмінам ПЛАХА – вялікая суцэльная плошча зямлі (Яшкін, 1971, с.145), літоўскімі pleine – бязлесная раўніна, plesinys – узараная ніва, высечка ў лесе, pliksna – голае, выпаленае месца на лузе (Мурзаев, 1984, с.440).
Пузі (Пузи) – в. у Высокаўскім с/савеце (112 ж., 58 двароў). Адпатранімічная назва, паходзіць ад прозвішча Пуз, якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с. 337)
Пясчанка (Песчанка) – вв. у Здзітаўскім (96 ж., 53 двары) і Першамайскім (29ж., 18 двароў) с/саветах, нізіннае балота (пл. 3.9 тыс. га) на мяжы з драгічынскім раёнам. Назва звязана з пашырэннем пясчаных глебагрунтаў на месцах узнікнення паселішчаў (ад апелятыва ПЯСОК). Пацверджанне таму малыя памеры і малая населеннасць іх. Назва балота – вынік тракстапанімізаціі.
Р
Равяцічы (Ревятичи) – в. у Сігневіцкім с/савеце (801ж., 290 двароў). У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1629 г. (БЭФ, т.1., с. 449). Адпатранімічная назва, паходзіць ад прозвішча Равяка, якое ў форме Ревяка ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с. 344). Сэнсавае значэнне “равун” – той, хто моцна плача ці крычыць.
Рагачы (Рогачи) – в. у Сялецкім с/савеце (24 ж., 14 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Рагач, якое вядома ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.345).
Рачыца (Рачица) – в. у Сакалоўскім с/савеце (362 ж., 157 двароў). Назва адапелятыўная, утворана ад тэрміна рака пры дапамозе стараславянскага суфікса –ыца (-ица). Стасуецца з мясцовым геаграфічным тэрмінам рачышча – багністае месца на зарослым рэчышчы (Яшкін, 1971, с.164), які вытворны ад “рака”.
Рыгалі (Рыгали) – в. у Малецкім с/савеце (26 ж., 16 двароў). Найбольш верагодна адпатранімічнае паходжанне назвы: ад прозвішча Рыгаль, якое прадстаўлена на Брэстчыне (ТС, 1992, с.359). У аснове – старажытна-беларускі тэрмін рыга са значэннем “князь, начальнік, ваявода”. (Горбачевский, 1874).
С
Сабалі (Соболи) – в. у Сігневіцкім с/савеце (180 ж., 94 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Собаль, якое ў рускай антрапаніміі вядома з XV ст., у беларускай – з XVI ст. (Бірыла, 1969, с.386). Утворана ад собаль – наймення каштоўнага пушнога звярка сямейства куніцавых. У XV-XVIII ст. беларускія лясы былі мяжой пашырэння собаля на захад. Як сведчаць гістарычныя дакументы (“Роспіс ардыншчыны”, 1501 і інш.), у XV-XVI ст. Мясцовае сабалінае футра прадавалася ў Менску, Навагрудку, Полацку і іншых гандлёвых гарадах Беларусі. (ЭПБ, т. 4, с. 559).
Сабалі (Соболи) – нізіннае балота на паўдневым-захадзе раёна, на вадазборы каналізаванай ракі Вінец. Плошча 1,8 тыс.га. Балота цалкам асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Назва – калька з назвы паблізу размешчанай вёскі Сабалі (гл.).
Сакалова (Соколово) – в. ц. Сакалоўскага с/савета (774 ж., 293 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ці ад нецаркоўнага мужчынскага імя Сокал, ці ад аднайменнага прозвішча, якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с. 386), ці ад больш позняга прозвішча Сакалоў. Для дакладнага ўстанаўлення этымалогіі назвы неабходна ведаць час узнікнення паселішча. У аснове антрапонімаў – найменне птушкі сокал (Никонов, 1993, с.119). Дапушчальна таксама збліжэнне з старажытна-індыйскім gakunas, gakunis – вялікая птушка і лацінскім coconia – бусел (Фасмер, т. 3,с. 708-709).
Самойлавічы (Самойловичи) – б. в. у Бярозаўскім сельсавеце. Цяпер у межах г. Бярозы. Назва адпатранімічная, паходзіць ад уласнага імя Самойла, вядомага на Беларусі з XVIст. (Бірыла, 1966, с.144).
Сашыца (Сошица) – в. у Сялецкім с/савеце (244 ж., 146 двароў). Адапелятыўная назва тыпу Беліца, Глініца, Межніца, Рудніца, Рэчыца, Польніца і т.п. Утворана ад агульнаславянскай асновы саха са значэннем “дрэва з развілінай“ або “месца, дзе пачынаецца раздваенне дарогі”. (Фасмер, Т. З, с. 729).
Свадбічы (Свадбичи) - в. у Сігневіцкім с/савеце (64 ж., 34 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад старажытнага славянскага імя Свадба, якое зафіксавана ў пісьмовых гістарычных крыніцах (БЭФ, т. 1,с.). Сучасная транскрыпцыя назвы – Свадзьбічы – памылковая.
Светач (Светоч) – в. у Бярозаўскім с/савеце (430 ж.,191 двор). Назва сімвалічная, вынік перайменавання 1964 г.: раней вёска Горач (гл.). Светач – той, хто нясе з сабой ісціну, асвету, свабоду, культуру .
Селаўшчына (Селовщина) – в. у Бярозаўскім с/савеце (178 ж.,100 двароў). Адапелятыўная назва, утворана ад тэрмінаў СЕЛІШЧА або СЕЛЬШЧА са значэннем “месца пасялення”, “ сядзіба “ (Яшкін, 1971, с. 173). Селаўшчына, магчыма, участак зямлі, які належыў некалі існаваўшай сядзібе.
Сігневічы (Сигневичи) – в. ц. Сигневіцкага с/савета (450 ж., 214 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад скажонай формы прозвішча Сігіневіч, якое зафіксавана ў беларускай антратаніміі (Бірыла, 1969, с. 373) і трапляецца на Брэстчыне (ТС, 1992, с. 373) . У аснове – рэгіянальнае беларускае сіг – вялікі
крок, шаг і сігаць – рабіць вялікія крокі (Насовіч, 1983, с. Фасмер, т. 3, с. 618).
Смалярка (Смолярка) – в. у Сакалоўскім с/савеце (48 ж., 25 двароў). Назва – чысты апелятыў Смалярка са значэннем “месца, дзе была смалакурня“. (Яшкін, 1971, с. 177). Стануецца з тапастановішчам паселішча.
Совіна (Совино) – в. у Стрыгінскім с/савеце (235 ж., 105 двароў). Найбольш верагодна адпатранімічнае паходжанне назвы: ад прозвішча Сава, якое ў форме Сова ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла 1969, с. 360). У аснове – назва аднайменнай птушкі. Паходжанне айконіма ад наймення птушкі сава дапушчальна але малаверагодна.
Спорава (Спорово) – в. ц. Спораўскага с/савета (1353 ж., 470 двароў). В.А. Жучкевіч этыманалогію назвы звязвае з паняццямі “спорная зямля”, “земля неясной принадлежности”: ад старажытнарускай асновы споръ – спрэчка (Жучкевіч, 1974, с. 358). Вёска Спорава размешчана на паўночным беразе возера Спораўскае . На Беларусі, акрамя гэтага возера, ёсць шэраг гідронімаў з асновай, роднай Спорава: азёры Споры, Споркі, р. Спорыца (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці); р. Спорка, прыток Віліі (Вілейскі раён Мінскай вобласці). Прычым, праз воз. Споры працякае р. Спорыца, праз воз. Спораўскае. . – прыток ракі Мядзелка, р. Спорня – прыток ракі Вілія. Ва ўсіх выпадках назіраецца сутыкненне двух водаў, пераважна меншай і большай. Гэта дае падставу лічыць асновай гэтых назваў, старажытнарускае СПОРЪ (спор, спора, споро) са значэннем “быстры, багаты”. тое ж значэнне маюць сучасныя руск. спорый, укр. спорни, славац. і польск. spozy (Фасмер, т. 3, с. 738). Па Х. У. Далю, “спорый, споркий – дающий из малого много, а споркое, супоркое течение – ошибка встречных потоков” (Даль, 1991, т. 4, с. 296). Зыходзячы з прыведзенага, семантыка назваў тлумачыцца тэрмінам СПОРНАЯ (СПОРАЯ) ВАДА са значэннем “запруджаная вада, сутыкненне двух патокаў”(Мурзаев, 1984, с. 518). Тады Спорава азначае запруджаную ваду, сутыкненне дзвюх водаў. Магчыма, гэтая назва першапачаткова замацавалася за возерам, а пазней перайшла на паселішча.
Спораўскае (Споровское) – воз. на мяжы Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў. Плошча 11,5 км.кв. Даўжыня 5,6 км, найбольшая шырыня 3 км. Максімальная глыбіня – 2,2 м. Сучасная назва – вынік рэтракстапанімізацыі назвы вёскі Спорава (гл.). Дапушчальна, што раней возера мела назву Спорава [IV].
Старыя Пескі (Старые Пески) – б. в. у Пескаўскім с/савеце. Злучылася з в. Новыя Пескі (гл.). У гістарычных крыніцах XV- XVI стст. Упамінаецца як в. Пескі, размешчаная на гандлёвым шляху Здзітава – Косава – Слонім – Вільня. У вёсцы размяшчалася рэзідэнцыя Пуслоўскіх – буйных магнатаў ВКЛ . (“Бярозаўшчына …”, 1997, с. 5). Азначальны прыметнік Старыя да назвы быў дабаўлены пазней, пасля ўзнікнення вёскі Новыя Пескі. [I, A, г].
Стаўкі (Ставки) – в. у Міжлескім с/савеце (144 ж., 61 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Стаўка, якое для XVII ст. зафіксавана ў слоўніку Н. П. Тупікова (Тупиков, 1903).Паходжанню назвы ад тэрмінаў стаў, ставок – сажалка, запруда (айконімы рада Ставы, Ставок, Ставішча) пярэчыць яе арфаэпія: патрэбна Стаўкі. [II,A].
Стрыгінь (Стригинь) – в. ц. Стрыгінскага с/савета (851 ж., 343 двары). В. А. Жучкевіч гэтую назву адносіць да адпатранімічных айконімаў: ад прозвішча Стрыга (Жучкевіч, 1974, с. 363), што небясспрэчна. Відавочна, што яна належыць да айконімаў рада Быцень, Кодзень, Копань, Корань, Корасцень, Корсун, Любань, якія пашыраны на Брэстчыне і прылеглых да яе тэрыторыях і маюць неадпатранімічнае паходжанне. Паколькі вёска размешчана на левым беразе ракі Ясельда, то небеспадстаўна бачыць у яе назвы скажонны дыялектны варыянт беларускага і украінскага геаграфічнага тэрміна Стрыжань са значэннем “галоўны паток, глыбокае месца ў рэчышчы; крыніца ў рацэ, дзе вада не замярзае”(Яшкін, 1971, с.182; Мурзаев, 1984, с. 526).[I,A,B].
Стубла (Стубло) – балотны масіў у пойме рэчкі Жыгулюнка на поўначы раёна. Часткова заходзіць у Івацэвіцкі і Пружанскі раёны. Плошча 7,8 тыс. га. Пераважна нізіннага тыпу. Часткова асушаны, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва – мясцовы геаграфічны тэрмін СТУБЛА са значэннем “крыніца, крыніца на балоце” (Трубачёв, 1968; Муразев, 1984, с. 528; Фасмер, т.3, с.786). Пашыраны толькі ў паўднёвых і заходніх славян.
Судзіловічі (Судиловичи) – в. у Міжлескім с/савеце (343 ж., 129 двароў). Адпатранімічная назва, паходзіць ад прозвішча Судзіла, якое ў беларускай антрапаніміі паявілася не раней XVII ст. (Бірыла, 1969, с. 397). Відаць, вёска ўзнікла як пасяленне судзілавічаў – нашчадкаў Судзілы.
Сялец (Селец) – в. ц. Сялецкага с/савета (1051 ж., 420 двароў). У першыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1397 г. 1471 г. цэнтр Сялецкай воласці . Назва – апелятыў сялец, які беларускіх, укараінскіх і польскіх гаворках функцыяваў у XV-XVII cтст. для абазначэння невялікага пасялення (Лемтюгова, 1983, с. 30). Утварыўся з лексемы СЯЛО пры дапамозе дэмінутыўнага суфікса – ец.
Сялец (Селец) – водасховішча ў пойме верхняга цячэння ракі Ясельда, на паўночным захадзе раёна. Створана ў 1985 г. Плошча 20,7 км2. Даўжыня 11,8 км, найбольшая шырыня 4,1 км. Максімальная глыбіня 5,4 м. Аб’ём вады 56,3 млн.м3. Ваганне ўзроўню на працягу года дасягае 2,5 м. Назва – вынік транстапанімізацыі: в. Сялец – вдсх. Сялец.
У
Угляны (Угляны) – в. у Здзітаўскім с/савеце (143 ж., 69 двароў). Назва адапелятыўнага паходжання, утворана ад агульнаславянскага індаеўрапейскага слова УГОЛ (беларускае вугал) са значэннем “прыстанак, месца, дзе жывуць” (ТСБЛМ, 1996, с.118). Угляны – магчыма, першапасяленцы, якія знайшлі прыстанак, сталі жыць на гэтым месцы. Транскрыпцыя назвы ў форме Вугляны неапраўдана.
Утраны – в. у Сялецкім с/савеце (34 ж., 16 двароў). Назва з агульнаславянскім словам “утро” сувязі не мае. Магчыма, балцкага паходжання і суадносіцца з літ. Zzakаs – прагаліна, падлесак. Такі падыход стасуецца з тапастановішчам паселішча. Этымалогія і семантыка назвы патрабуюць больш дакладнага высвятлення.
Х
Хамічы (Хомичи) – в.у Бярозаўскім с/савеце (134 ж., 71 двор). Назва адпатрамімічная паходзіць ад імя Хома (Фама), якое ў беларускай антрапаніміі ў форме Хома вядома з 1528 г., а ў форме Хама і Хома зафіксавана ў большасці раёнаў Брэсцкай вобласці. (Бірыла, 1982, с.144-145). Хамічамі называліся нашчадкі Хамы, якія, магчыма, былі былі першапасяленцамі вёскі. [II,A].
Хатава (Хотава) – р. левы прыток Ясельды (у верхнім цячэнні). Пачынаецца на паўночным захадзе. . Ніжняе цячэнне на паўночным захадзе Бярозаўшыны. Упадае ў вадасховішча Сялец. Даўжыня 22,5 км. Назва – забыты палескі тэрмін, які азначаў “пачатак”. Старажылы Палесся атаясамлівалі яго знача – пачатак (Жучкевіч, 1974, с. 395). Дапушчальна, што ХАТАВА пачтак вадатоку, выток ракі. У Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці – в. Хатава ля вытоку ракі Уса.
Хойнікі (Хойники) – в. у Малецкім с/савеце (107 ж., 61 двор). Назва - множны лік паланізаванага варыянту ландшафтнага тэрміна ХВОЙНІК (ХОЙНІК) – сасновы лес, сосоннік. Да гэтага этамалагічнага раду айконімаў належыць г. Хойнікі ў Гомельскай вобласці, гарады Хойнув і Хойніце у Польшы.
Хрысы (Хрисы) – в. у Белаазерскім с/савеце (853 ж., 327 двароў). Назва аднатранімічная паходзіць ад імя Хрыс, вытворнага ад афіцыйнага імя Хрыстафор, якую у беларускай антрапаніміі вядома з 1676 г. (Бірыла, 1966, с. 171; 1982, с.154).
Ц
Ціхны (Тихны) – в. у Першамайскім с/савеце (199 ж., 114 двароў). Назва адпатранімічная, утворана ад імя Ціхно (форма ад Ціхан), дакументальна зафіксаванага на Брэстчыне з 1567 г. (Бірыла, 1966, с.161; 1982, с. 232).
Ч
Чайкава – Гніліка (Чайково – Гнилика) – нізіннае балота на ўсходзе раёна на вадазборы ракі Ясельда і яе прытока ракі Жыгулянка, паміж Чорным і Спораўскім азёрамі. Плошча 4.6 тыс.га. Часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва звязана з найменнем птушкі ЧАЙКА і рэгіянальным тэрмінам ГНІЛА – гліністая глеба. На балоце гняздуюць рачныя чайкі, а тарфяныя адклады знізу падсцілаюцца гліністымі пародамі.
Чарнічнае (Черничное) – в. у Малецкім с/савеце (32 ж., 19 двароў). Назва ўтворана ад наймення ягадніку ЧАРНІЦЫ (Vaccinium myztillus), які пашыраны ў сасновых лясах раёна.
Чарнякава (Черняково) – в. у Боркаўскім с/савеце (11 ж., 8 двароў). У гістарычных крыніцах упамінаецца ў 1629 г. (БЭФ, т. 1, с. 449). Назва аднатранімічная, утворана ад прозвішча Чарняк, якое ў беларускай антрапаніміі ўжываецца з XVII ст. (Бірыла, 1969, с. 448). Семантыка прозвішча – смуглы, чарнявы чалавек.
Чарняўка (Чернявка) – р. левы прыток Вінеца. Працякае па захаду раёна. Такую назву атрымала, магчыма, у сувязі з тым, што ў межах вадазбору пашыраны чорныя землі – тарфяныя балоты.
Чорнае (Черное) – воз. ва ўсходняй часцы раёена. Лічыцца, што назва чорнае характаразуе знешнія адметнасці вадаёма. Аднак у мінулым у беларусаў, як і ў многіх іншых народаў, існавала каляровая арыентація; напрамкі свету атрымлівалі каляровае значэнне, напрыклад, поўнач – чорны, поўдзень – белы і г. д. Пацвярджаецца тонастановішчам азёр: Чорнае – паўночнае, Белае – паўднёвае.
Ш
Шлях-Пушча (Шлях-Пуща) – в. у Сігневіцкім с/савеце (104 ж., 56 двароў). Назва складаецца з двух апелятываў у форме чыстай асновы: шлях і пушча. Шлях – прасёлачная-дарога, гасцінец. Пушча – бязлюднае, глухое лясное месца (Яшкін, 1971, с.159); некалі бязлюдныя землі, парослыя лесам (Мурзаев, 1984, с. 470). Стасуецца з тапастановішчам: вёска размешчана на старым гасцінцы сярод лясных масіваў. Яна ўзнікла на шляху, што праходзіў праз бязлюдную лясную глухмень.
Шылін (Шилин) – в. у Здітаўскім с/савеце (299 ж., 135 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Шыла, якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XV ст. (Бірыла, 1969, с. 491) і трапляецца на Бярозаўшчыне і ў прылеглых раёнах Брэстчыны.
Шылінок (Шилинок) – в. у Здзітаўскім с/савеце (191 ж., 88 двароў). Назва – дэмінутыў (памяншальная форма) ад назвы суседняй вёскі Шылін (гл.). Аналаг: в. Белін – в. Белінок у Драгічынскам раёне. Прозвішча Шылінок – адтапанімічнае, на Драгічыншчыне – такая ж этымалогія ў прозвішча Бялінка.
Шэшкава (Шешково) – нізіннае балота на ўсходзе раёна, на вадазборы ракі Жыгулянка. Плошча 1.4 тыс. га. Здабыча торфа на ўгнаенне. Асушана і выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Адпатранімічнае паходжанне (ад прозвішча Шэшка) малаверагоднае. Хутчэй за ўсё прынятая транскрыпцыя назвы памылковая. Сапраўдная назва – Шышкава, што значыць “чортава балота” (Шышка – чорт). У Іваноўскім раёне – ля вёскі Варацэвічы – урочышча Шышкава, якое ў мінулым уяўляла сабой забалочаныя лагчыны.
Я
Ярцавічы (Ярцевичи) – в. у Пескаўскім с/савеце (411 ж., 146 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Ярац, вядомага ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 500). У аснове, магчыма, Ярэц – ячмень, яравы.
Ясельда – р., левы прыток Прыпяці (басейн Дняпра). Пачынаецца меліярацыйным каналам з балотнага масіва Дзікае, за 4 км на поўнач ад вёскі Клепачы Пружанскага раёну. Даўжыня 267 км. Бярозаўскі раён перасякае с паўночнага захаду на паўдневы ўсход. Пад назваю Ясолька ў летапісах ў першыню згадваецца пад 1262 г. у дакументах XVI – XVII ст.ст. – Ясолда, Яцолда. Згодна з В. Н. Тапаровым і А. М. Трубачовым назва паходзіць з балцкіх моваў, дзе Ясолд, Яцолд азначае “пачатак” (Топоров, Трубачёв, 1962, с. 213-214). Й. Развадоўскі і К. Машыньскі схільны выводзіць яе ад славянскай асновы ясло (яслі) са значэннем “лагчына”. Такое значэнне гэтага слова падаецца ў слоўніку У. Даля (Даль, т. 4, с. 680). Жучкевіч пагаджаецца з польскімі даследчыкамі, але лічыць, што славянская аснова ў назве мае балтыйскае афармленне (Жучкевіч, 1974, с. 420). У індаеўрапейскіх мовах льда, альда азначае “рака” (Рылюк, 1997, с.156). Сумуючы згаданае семантыку назвы магчыма звесці да “пачатак ракі”, або “лагчына ракі”.
Выкарыстаныя крыніцы
Літаратурныя, даведкава-слоўнікавыя
і гістарычныя крыніцы
1. БелСЭ – Беларуская Савецкая Экспедыцыя, т.1 – Мк.: БелСЭ,1969; т.2. – Мн.:БелСЭ 1970; т.11.- Мн.:БелСЭ,1974.
2. БЭФ – Белорусия в эпоху феодализма, т.1. – Мн.: Наука и техника,1959.
3. Бірыла М.В. Беларуская антрапанімія: 1.Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішча. – Мн.: Навука і тэхніка, 1966-542с.
4. Бірыла М.В. Беларуская антрапанімія. 2.Прозвішча, утвораныя ад апелятыўнай лексікі, – Мн.: Навука і тэхніка, 1969-580с.
5. Бярозаўшчына – наша бацькаўшчына. – Бяроза, 1997-72с.
6. ДСБ – Дыялектны слоўнік Брэстчыны / Склад.Аляхновіч М.М і інш. / – Мн.: Навука і тэхніка, 1989-294с.
7. Жучкевич В.А. Происхождение географических названий Белоруссии. – Мн.: изд. Белгосук-та, 1961-80с.
8. Жучкевич В.А. Топонимика Белоруссии. – Мн.: Наука и техника, 1968-184 с.
9. Жучкевич В.А. Общая топонимика. – Мн.: Вышэйшая школа, 1968-432 с.
10. Жучкевіч В.А. Чаму так названа. – Мн.: Народная асвета, 1969-120 с.
11. Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн.: Издательство БГУ В.И. Ленина, 1974-448с.
12. Лыч Л.М. Назвы зямлі беларускай. – Мн.: Універсітэцкае, 1994-128 с.
13. Мурзаев Э.М. Словарь народных географических терминов. – Мн.: Мысль, 1984-653 с.
14. Насовіч І.І. Слоўнік беларускай мовы. – Мн.: БелСЭ, 1983-792 с.
15. Попов А.И. Географическое название. М.-Л.: Навука, 1963-182 с.
16. Поспелов Е.М Школьный топонимический словарь – Мн.: Просвещение, 1988-224с.
17. Рапановіч Я.Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. – Мн.: Навука і тэхніка, 1980-176с.
18. Рогалеў А.Ф. Сцежкі ў даўніну. – Мн.: Народная асвета, 1992-178с.
19. Рилюк Г.Я. Истоки географических названий Беларуси с основами общей топонимики. – Мн.: Веды. 1997-176с.
20. Тапароў У., Трубачоў А. Лінгвістычны аналіз гідронімаў верхняга Падняпроўя. – “Спадчына”, 1993 №4.- С.53-62
21. ТС – телефонный справочник абонентов Брестской городской и районной сети. – Брест, Алекс, 1992-512с.
22. ТСБЛМ – Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – Мн.: Бел. Экз., 1996-784с.
23. ТСБМ – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т.1.- Мн.: БелСЭ. 1977.
24. Шыраеў Я.Я. Беларусь: Русь Белая, Русь Чырвоная і Літва – у картах. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991-119 с.
25. ЭГ – Эканамічная гісторыя Беларусі. (Пад рэд. В. І. Галубовіча). – Мн.: Экаперспектыва, 1993-288 с.
26. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 3 – Мн.: Бел. Энц., 1996, с. 438.
27. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Тт. 1-5. – Мн.: Бел. Энц, 1983-1986.
28.
Яшкін І. І. Беларускія геагоафічныя назвы. – Мн.: Навука і тэхніка, 1971-256 с.
Картаграфічныя крыніцы
1. Рэспубліка Беларусь. Аглядна-тапаграфічная карта з даннымі аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах. Маштаб 1:500000. – Мн.: Белгеадэзія, 1996.
2. Тапаграфічная карта. Маштаб 1:200000. Ліст №-35-XXXI (Кобрын) – Мн.: Дзяржгеадэзія СССР, 1992.
3. Тапаграфічная карта. Маштаб 1:200000. Ліст №-35-ХХХІІ (Драгічын) – Мн.: Дзяржгеадэзія СССР, 1992.
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Дарагі сябар!
Мы спадзяемся: творчае выкарыстанне нашай даследчай працы дасць табе падставу верыць, што зерне любові, гонару за свой народ, край прарасце Ведамі, Любоўю, Верай у заўтрашні дзень Бацькаўшчыны. А значыць, вечна піць нам з незамутнёных крыніц мудрасці народнай.
Пад небам бацькаўшчыны
АБАСНАВАННЕ ВЫБАРУ ТЭМЫ ПРАЕКТА
Тапанімічны слоўнік – асноўная частка даследчай працы – можа служыць дапаможнікам настаўнікам геаграфіі ў школах Бярозаўскага раёна, усім краязнаўцам і наогул аматарам пазнання мінулага і сучаснага роднага краю.
Вывучэнне геаграфічных назваў (тапонімаў) мае два ўзаемазвязаныя аспекты – пазнавальны і педагагічны.
Пазнавальны аспект шматгранны. Значная частка тапонімаў засяроджвае ўвагу таго, хто з імі знаёміцца, на асаблівасцях аб’екта, якія характарызуюць яго як у цяперашні час, так і ў мінулым. Назвы жывуць вякамі і часта з’яўляюцца сведкамі геаграфічных умоў мінулага, што вызначае каштоўнасць назваў як гісторыка–геаграфічнай крыніцы.
У педагагічным аспекце вывучэнне тапаніміі – адзін з найбольш удалых накірункаў краязнаўчай работы. Вывучэнне мясцовых геаграфічных назваў з поспехам можна праводзіць або ў спецыяльных тапанімічных гуртках, або ў геаграфічных, адводзячы тапаніміцы толькі пэўную частку часу.
Вынікі даследавання наогул, і асабліва матэрыял распрацаванага слоўніка, паслужыць настаўнікам крыніцай для вырашэння разгледжаных аспектаў у працэсе вывучэння геаграфіі Беларусі. Яны могуць выкарыстоўвацца і пры вывучэнні іншых геаграфічных дысцыплін, а таксама для выкладання факультатыўнага курса па тапаніміцы Беларусі ці свайго краю.
Тапонімы, асабліва айконімы, – гэта своеасаблівая “памятка дзён, што ў нябыт уцяклі”. Азнакамленне з імі – шлях да пазнання гісторыі свайго краю, гісторыі народаў, якія насяляюць яго. Вывучэнне геаграфічных назваў адкрывае вялікія магчымасці па ўсталяванню міжпрадметных сувязей геаграфіі з гісторыяй, з курсамі беларускай і рускай моў, з іншымі вучэбнымі дысцыплінамі.
Праца над гэтай работай дала магчымасць пашырыць і паглыбіць веды аб нашым родным краі – Бярозаўшчыне, яго непаўторнай гісторыі, своеасаблівай прыродзе і гаспадарчай дзейнасці продкаў маіх землякоў, бо ўсё гэта пакінула адбітак у ягонай тапаніміі. Акрамя таго, даследуючы тапаніміку раёна, мы атрымалі навыкі навуковага даследавання, працы з літаратурнымі, гісторыка-дакументальнымі даведнікавымі слоўнікамі і картаграфічнымі крыніцамі, што, безумоўна, спатрэбіцца ў жыцці.
МЭТЫ І ЗАДАЧЫ ПРАЕКТА
- Азнаёміцца з тапанімікай раёна.
- Сабраць легенды і паданні аб вёсках і ўрочышчах Бярозаўшчыны.
- Скласці слоўнік тапонімаў Бярозаўскага раёна.
- Развіваць уменне навучэнцаў даследаваць і самастойна здабываць веды з розных крыніц і выкарыстоўваць іх ва ўласнай дзейнасці.
- Стварыць умовы для выхавання паважлівых адносін да дзейнасці таварышаў, адчуванне адказнасці за асабіста выкананую працу.
- Стымуляваць цікаўнасць да сваіх каранёў.
Час выканання праекта: 3 гады.
Удзельнікі праекта: навучэнцы 394 групы на працягу 1-3 курсаў.
ЭТАПЫ ПАДРЫХТОЎКІ І АБАРОНЫ ПРАЕКТА
Праектная ініцыятыва
Абмеркаванне тэмы праекта «Пад небам Бацькаўшчыны». Выяўленне глыбіны ведаў па тэме.
Вызначэнне канчатковага выніку праекта
- Стварэнне слоўніка тапонімаў Бярозаўшчыны.
- Правядзенне канферэнцыі «Назвы вёсак – назвы Беларусі».
Стварэнне груп і размеркаванне абавязкаў
Кіраўнік і кансультант праекта, сацыёлаг, лінгвісты, гісторыкі, біёлагі, этнографы, фатографы і мастакі, журналіст, бібліёграфы.
Распрацоўка групавога навучальнага маршруту
Навошта? – паглыбіць свае веды па гісторыі Бярозаўшчыны, перадаць іх нашым людзям, усвядоміць важнасць тэмы і таго,
Што мы ўзыйшлі не з насення, што ветрам занесена,
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані з вузялкамі ўпартасці.
Ніл Гілевіч
Што адкрылі і пра што даведаемся? - сустрэнемся з многімі людзьмі, пабываем у вёсках Бярозаўшчыны, запішам легенды і паданні аб вёсках, урочышчах Бярозаўшчыны, атрымаем навыкі працы са слоўнікамі і даведачнай літаратурай.
Каму раскажам у будучым? – перадамо інфармацыю нашым дзецям і ўнукам, раскажам усім, каму гэта будзе цікава.
Правядзенне мазгавога штурму, стварэнне банка ідэй
- правесці даследаванне па выяўленні ступені актуальнасці пытання;
- пазнаёміцца з тэарэтычнымі асновамі тапанімікі як навукі;
- сабраць легенды і паданні аб вёсках, урочышчах раёна;
- наведаць Бярозаўскі краязнаўчы музей;
- скласці спіс літаратуры, у якой магчыма знайсці інфармацыю па тэме праекта;
- сабраны матэрыял аформіць у выглядзе слоўніка;
- падрыхтаваць абарону праекта (правесці канферэнцыю па тэме праекта).
Размеркаванне заданняў.
Збор матэрыялаў, кансультаванне.
Творчыя справаздачы груп з выкарыстаннем нагляднасці (фотаздымкі, малюнкі і г.д.).
Прэзентацыя праекта
- Канферэнцыя «Назвы вёсак – назвы Беларусі»
Міні-маніторынг
Мэта: выявіць узровень ведаў па даннай праблеме (праводзіцца перад пачаткам распрацоўкі праекта і пасля канферэнцыі).
- Як цябе завуць? Раскажы крыху аб гісторыі свайго імя.
- Дзе ты жывеш?
- Чаму так называецца твая вёска (горад)?
- З якімі мясцінамі звязаны самыя светлыя ўспаміны?
- Калі б табе прыйшлося паказаць Бярозаўшчыну замежным гасцям, што б ты паказаў (назаві 3 аб’екты)?
- Што б ты мог расказаць аб іх?
- Ці патрэбна маладому чалавеку веды па тапаніміцы?
СЛОЎНІК ТАПОНІМАЎ БЯРОЗАЎШЧЫНЫ
Вёскі беларускія мае…
Вёскі беларускія мае вы,
Лёс, як слёзы, горкі і салодкі.
Цётак і дзядзькаў маіх сугрэвы –
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Сонейка на свежым смольным цёсе
Ліпне ціхім променем дрыготкім,
А на квецці – пчолак шматгалоссе, -
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
У вянках гаёў, што цешаць вока
Ці на ўзлессі пушчаў – іхніх продкаў –
Ланы жыта, бульбы рай навокал –
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Над магілай дзеда зажуруся,
Песні ўспомню ўсіх, што помню, цётак…
Назвы вёсак – назвы Беларусі:
Крывічы, Загалічы, Кракоткі.
Застануся з вамі, нібы дрэвы
І жаўрук высокі, звонкі, лёткі…
Толькі каля вас мае сугрэвы,
Крывічы, Загалічы, Кракоткі!..
Алег Лойка
Гістарычная даведка
Бярозаўскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. і існуе як адмістрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Брэсцкай вобласці. Размешчаны раён у цэнтральная частцы вобласці. На захадзе і паўночным захадзе ён мяжуе з Пружанскім, на паўночным усходзе і усходзе – з Івацевіцкім, на паўднёвым усходзе – з Іванаўскім,
на поўдні – з Драгічынскім, на паўднёвым захадзе – з Кобрынскім адміністрацыйнымі раёнамі Брэсцкай вобласці. Сучасная тэрыторыя Бярозаўскага раёна складае 1421 км2, з якіх 264 км2 – пад рэкамі і азёрамі. Працягласць тэрыторыі раёна з захаду на ўсход 48 км, з поўначы на поўдзень – 41 км.
Рэльеф
Паверхня Бярозаўскага раёна – плоская забалочаная водна-ледавіковая раўніна. 64 % тэрыторыі яе не перавышае 150-160 м над узроўнем мора. Агульны нахіл тэрыторыі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Найвышэйшы пункт – 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара), найніжэйшая адзнака – 141,6 м (на ўрэзе Спораўскага возера). Каля вёскі Бронная Гара трапляюцца ўзгоркі вышынёй 160-178 м. Адносныя перавышені рэльефу раёна да 10 м/км2. У даліне рэк яны перафышаюць 5 м/км2.
На поўдзень ад шыраты г. Бярозы даліна Ясельды дзеліць тэрыторыю раёна на дзве адметныя па рэльефу часткі. Усходняя частка, дзе пераважаюць вышыні 145-150 м, знаходзяцца ў межах Прыпяцкага Палесся. Заходняя частка адносіцца да водна-ледавіковай равўніны Загароддзе. У яе межах перавышаюць групы марынных узгорках вышынёй 160-170 м над узроўнем мора.
А
Аброўскае (Обровское) – нізіннае балота на ўсходзе раёна, на вадазборы ракі Ясельда (асноўны масіў яго ў Івацевіцкім і Іванаўскім раёнах). Плошча 4,2 тыс.га (18,3% усяго масіву). Не асушана. Выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва – вынік транстапанімізацыі: в. Аброва ў Івацевіцкім раёне – Аброўскае балота, паколькі большая частка яго размяшчана непадалёку ад гэтай вёскі. Пераход айконіма ў гелонім. У аснове іх – этнонім абры, ці авары, назва манголы і цюркамоўных плямёнаў, якія, паводле летапісных крыніц, у VI – VIII стст. засялялі Прычарнамор’е, Прыдунайскую нізіну і Балканы.
Агароднікі (Огородники) – в. у Сакалоўскім с/савеце (407 ж., 186 двароў). Назва сацыяльна – эканамічнага паходжання. У ВКЛ агароднікамі называліся збяднелыя сяляне (былая “чэлядзь нявольная”), якія ў адпаведнасці з “Уставам на валокі” 1557г. надзяляліся 3 маргамі (каля 2 га) зямлі і па 10-20 двароў ссяляліся ў вёскі паблізу панскіх фальваркаў. Агароднікі павінны былі працаваць у фальварках – адбываць паншчыну: 19 дзён у год за 1 марг зямлі. Вёскі, населеныя агароднікамі, часта атрымлівалі аднайменную назву (БелСЭ, т.1, с.68; т.2, с.578; т.11, с 259; ЭГБ, с.48; Жучкевіч, 1974, с. 264). Сувязь назвы з агародніцтвам як беларускага тапаніміста В.А. Жучкевіча і ў аўтара гэтага даследавання не выклікалі ніякіх сумненняў і пярэчанняў.
Алёхнавічы (Олехновичи) – в. у Малецкім с/савеце (31 ж., 21 двор). Назва паходзіць ад імя Алёхна, утворанага ад кананічнага імя Алексей. На Брэстчыне такая форма гэтага імені дакументальна фіксуецца з першай паловы XVI ст. (Бірыла, 1966, с. 24; 1982, с. 233).
Альшэва (Ольшево) – в. у Белаазерскім с/савеце (80 ж., 20 двароў). Напэўна назва паходзіць ад наймення шырока распаўсюджаннага лісцёвага дрэва ВОЛЬХА (руск. Альха).
Алясец (Олесец) – был. в. у Сігневіцкім с/савеце. У 1972 г. злілася з вёскай Ястрабель. У аснове назвы апелятыў лес. Алясец – паселішча на ўскрайку лесу: а-лес-ец.
Аніцавічы (Оницевичи) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (65 ж., 39 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад імя Аніцыі (Ониции) – рэгіянальнай формы ад імені Анісій (Онисий). Існаванне ў XVI-XVII ст. гэтага малаўжывальнага ў беларускай патраніміі імя адзначаў М.В. Бірыла (1966, с.129; 1982, с.138).
Асавецкія (Осовецкие) – в. (да 1972 г.) у Нарутавіцкім с/савеце. Назва паходзіць ад беларускага ландшафтнага тэрміна АСАВЕЦ – месца, якое парасло асіннікам (Яшнік, 1971, с.15). Першапачаткова яна замацавалася за хутарамі, з якіх пазней сфарміравалася вёска.
• мясцовы ландшафтны тэрмін АСЕК (АСЕКА), які азначае месца, вызваленае ад лесу дзеля далейшага выкарыстання пад ворыва ( , 1984, с. 418).
Б
Бармуты – в. у Сігневецкім с/савеце (38 ж., 29 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Бармута, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 43) і пашырана на Бярозаўшчыне.
Батарэя (Батарея) – в. у Міжлескім с/савеце (120 ж., 70 двароў). Назва аднайменны апелятыў са значэннем “шэраг аднародных прадметаў”. (ТСБН, т. 1, с. 349). Яна, магчыма, адлюстроўвае адметнасць забудовы вёскі: у старой частцы яе сядзібы размешчаны ў два рады са значным адрывам адна ад другой.
Белаазёрск (Белоозёрск) – г. ц. Белаазёрскага с/савета. Назва ўтворана 25.06.1960 г. ад гідроніма Белае озера, ля якога размешчаны горад, з дапамогай гарадскога суфікса – ск.
Белае (Белое) – возера на паўднёвым усходзе раёна ў Спораўскай азёрнай групе. Плошча 5,06 км2. Выкарыстоўваецца ў якасці ахаладжальніка Бярозаўскай ДРЭС. Назва паходзіць ад слова “белы”. Але гэта не азначае, што вада ў возеры
Блудзень (Блудень) – был. назва (да 1964 г.) вёскі Першамайская (гл.). У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1590 г. Па граматычнай структуры назва супадае з “БЛУДЕНЬ” (белар. БЛУДЗЕНЬ) са значэннем “дураслівец, свавольнік, гарэза” (Даль, Т.1, с. 95), але калькай яго не з’яўляецца. У айканіміі апелятывы, якія характарызуюць якасці, прафесіі, род заняткаў людзей у адзіночным ліку не ўжываюцца: ганец-в. Ганцы, знахар-в. Знахары, токар-в. Такары. У дадзеным выпадку было в Блудзені. Відавочна, назва ўтваралася ад старажытнаславянскага слова БЛУДЬ са значэннем “блуканне” (Шанский и др., 1971, с. 49). Яна давала характарыстыку адметнасцей мясцовасці, на якой узнікла вёска: тут выпадала блукаць у пошуках дарогі. З аднакарэннымі словамі “блудны”, “блуднік”, “блудніца” сэнсавай сувязі не мае.
Боркі (Борки) – в. ц. Боркаўскага с/савета (308 ж., 125 двароў). У гістарычных крыніцах (1629 г.) ужываецца назва Барок (БЭФ, Т.1, с. 449). Гэта дае падставу лічыць, што назва з’яўляецца дэмінутывам ад мясцовага геаграфічнага тэрміна бор – невялікая ўзвышанасць, пагорак (Талстой, 1969; Яшкін, 1971, с. 25). Такія этымалогія і сементыка назвы пацвярджаюцца тапастановішчам вескі. З апелятывам бор – сасновы лес – сувязі не мае.
Бронная Гара (Бронная Гора) – чыгуначная станцыя на лініі Брэст-Мінск, што ў Сакалоўскім с/савеце (1095 ж., 409 двароў). Назва- вынік транстапанімізацыі ад назвы ўрочышча Бронная Гара. Урочышча-чыгуначная станцыя-пасёлак. У суседнім Драгічынскім раёне ёсць урочышча Бронкэ (на паўночны захад ад Драгічына). Паходзіць ад слова Броный- белы, светлы; у аснове якога руска-
царкоўнаславянскае БРОНЬ са значэннем “белы” (Даль, т.1, с.130; Фасмер, т.1,с. 217) у спалучэнні з геаграфічным тэрмінам ГАРА са значэннем “узвышанасць”. Дадатковае пацвярджэнне – старадаўняе слова БРОНЕТЬ (ад асновы БРОНЬ) са значэннем “святлець”, якое прыводзіць М. Фасмер. Урочышчы з азначанымі назвамі ўяўляюць сабой адкрытыя, светлыя прасторы сярод лесу. Напісанне з падвоенным “н” – памылка сучаснага правапісу: правільна – Броная Гара.
Бераставец (Берестовец) – нізіннае балота на паўдневым усходзе раёна, у вадазборы ракі Ясельда. Плошча 1,3 тыс. га. Сярэдняя глыбіня торфу 2 м. Выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць (0,7 тыс. га асушана). У аснове назвы, на першы погляд, найменне дрэвавай пароды БЕРАСТ (Ulmus cozpinifolia) з сямейства вязавых, якая трапляецца ў паўднёвых і цэнтральных раёнах Беларусі. Але паколькі гэтае дрэва на балотах не расце, дык такая этымалогія назвы малаверагодная. Больш прымальна яе паходжанне ад назвы шырока вядомага дрэва БЯРОЗА (старажытнаславянская і сучасная мясцовая форма гэтай назвы БЯРЭСТА). І. І. Сразнеўскі адзначае раўназначнасць старажытнарускіх слоў БЯРЭСЦЕ і БЯРЭЗ’Е (БЕРЕСТЬЕ и БЕРЕЗЬЕ) з сэнсам бярозавы зараснік, бярозавы лес. Такія віды бярозы, як бяроза пушыстая (Betula pubenscens) і бяроза нізкая (Betula humilis) звычайна растуць на нізінных балотах. Растуць яны, асабліва бяроза пушыстая, і на масіве Бераставец. У такім выпадку назва балота – калька з мясцовага ландшафтнага тэрміна БЕРАСТАВЕЦ, які семантычна тоесны беларускаму ландшафтнаму тэрміну БЯРОЗАВЕЦ са значэннем “бярозавы гай” (Яшкін, 1971, с. 29)
Бухалі (Бухали) – в. у Малецкім с/савеце (3 ж., 2 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Бухало, якое ў беларускай актрапаніміі вядома з XVII ст. (Бірыла, 1969, с.72).
Бяроза (Берёза) – г., адміністрацыйны ц. раена. У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 г. З другой пловы XVII ст. да 1940 г. – Картуз-Бяроза, Бяроза-Картузская. Назва – апелятыў поймення лістевага дрэва Бяроза. Існаванне азначэнняў Картуз і Картузская звязана з касцёлам і кляштарам картэзіанцаў, ці картузаў, якія тут былі пабудаваны ў 1648-89 гг.
В
Вайцяшын (Войтешин) – в. у Пескаўскім с/савеце (290 ж., 133 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад формы Войце старажытнаславянскага імені Войцех, пашыранага ў палякаў і зафіксаванага ў беларускай антрапаніміі з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 51).
Варажбіты (Ворожбиты) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (83 ж., 38 двароў). Назва – множны лік апелятыва варажбіт. Так называюць таго, хто займаецца варажбой (ТСБЛМ, 1996, с.106). У аснове – старажытна-беларускае слова ВАРАЖБА са значэннем “уменне адгадваць мінулае або будучае”. Магчыма, у назве зафіксаваны род заняткаў першапасяленцаў вескі.
Вашчанка (Вощанка) – в. у Першамайскім с/савеце (36 ж., 23 двары). Назва ўтворана ад тэрміна ВАШЧЫНА – неачышчаны воск – ці вытворнага ад яго слова ВАШЧЫЦЬ – націраць або насычаць воскам. Калькай аднайменнага тэрміна ВАШЧАНКА – насычаная воскам тканіна, або папера – не з’яўляецца. У суседнім Пружанскім раёне ёсць роднасны айконім – в. Вашчынічы.
Вінец (Винец) – каналізаваная ў 1905 г. рака на поўдні раёна, правы прыток Ясельды. Пачынаецца на аднаіменным нізіным балоце між вёскамі Росахі і Доўгае Пружанскага раёна. Агульная даўжыня 52 км. Прымае меліярацыйныя каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі, Машковіцкі і Шышковіцкі (злева). Назва паходзіць ад мясцовага геаграфічнага тэрміна – вын’я – вялікая прагаліна ў лесе (Жучкевіч, 1974, с. 52). Утворана з дапамогай дэмінутыўнага фарманта – ец.
Вінін (Винин)- в. у Сігневіцкім с/савеце (86 ж., 51 двор). Магчыма, сучасная форма назвы трансфармавана з першапачатковай Вынік, у аснове якой мясцовы ландшафтны тэрмін вын’я – вялікая прагаліна сярод лесу (Жучкевіч, 1974, с. 62).
Віснявічы (Висневичи)- в. у Малецкім с/савеце (26 ж., 18 двароў). Назва загадкавая. Па форме(на-ічы)-адпатрамічная, але ў антрапанімічных крыніцах імя Віска ці прозвішча Віснавіч (Віснявіч) не зафіксавана. Відавочна, яна паходзіць ад старадаўняга ўсходнеславянскага слова Вісна са значэннем “абвіслая ад цяжару кветак або пладоў галіна”, на існаванне якога ўказваў В. Даль (т.1.с. 207). Гэта дае падставу выказаць два меркавання паходжання назвы.1) Апелятыўнае: Віснявічы-паселішча на месцы з дрэвамі ці кустоўем з абвіслымі галінамі. 2) Патранімічнае: Віснявічы-паселішча, першы пасяленец якога меў мянушку Віска. Дапушчальна збліжэнне з запазычынымі з грэчаскай мовы словам віс(вусъ) са значэннем “тонкі лен” (Срезневский, т. 3, Доп., с. 40; Фасмер, т. 1, с. 320).
Восаўцы (Осовцы); варыянт Асаўцы(Осовцы) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (201 ж., 101 двор). Назва-множны лік беларускага ландшафтнага тэрміна АСАВЕЦ, які азначае месца, парослае асіннікам. У аснове-аса = асіна, асіннік (Яшкін, 1971, с. 15; Жучкевіч, 1974, с. 275-276; Мурзаев, 1984, с. 418). У Драгічынскім і Столінскім раёнах – вв. Асаўцы.
Высокае (Высокое) – в. у Высокаўскага с/савета (144 ж., 72 двары). Назва -характарыстыка мясцовасці, на якой размешчана паселішча: высокае месца адносна наваколля.
Г
Галавіцкія (Головицкие) – в. у Стрыгінскім с/савеце (131 ж., 81 двор). Назва- калька з назвы ўрочышча (лясны масіў), ля якога размешчана паселішча. Утворана ад мясцовага геаграфічнага тэрміна ГАЛАВА – узвышанае месца, невялікая ўзвышанасць (Мурзаў, 1984, с. 149). Адпавядае польскаму glowa, балгарскаму глава з тым жа сэнсам. Не выключана сувязь з ландшафтным тэрмінам ГАЛАВАЧ – векавы лес (Яшкін, 1971, с. 45). Такая этымалогія назвы пацвярджаецца тапастановішчам вёскі: размешчана на ўскрайным нізінным балоце.
Галіцы (Голицы) – в. у с/савеце (115 ж., 63 двары). У аснове назвы мясцовы геаграфічны тэрмін ГАЛЬ або ГАЛА – голае месца, чыстая прастора (ДСБ, 1989, с. 42; ТСБЛМ, 1996, с. 140). Фасмер з гэтым жа значаннем прыводзіць тэрмін гал(Фасмер, т.1. с. 384). Магчыма і адпатранімічныя паходжанне – ад прозвішча Галіца, якое вядома ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 98). Пацвяржденне таму – знаходжанне вёскі ў арыяле патранімічных айконімаў Бярозаўшчыны: Бармуты, Карпяшы, Сабалі, Ціхны.
Горач (Горочь) – был. в. у Бярозаўскім с/савеце. У 1964 г. перайменована ў Светач (гл.). У аснове назвы геаграфічны тэрмін гара са значэннем “высокае месца”, а не ГОРЫЧ – горкі пах, смак, ці горкае пачуццё, як гэта паказалася тым, хто абгрунтоўваў перайменаванне. Былая руская транскрыпцыя ГОРЕЧЬ – памылковая.
Горск – в. у Малецкім с/савеце (114 ж., 70 двароў). Назва ўтворана ад геаграфічнага тэрміна гара са значэннем “высокае месца”, з дапамогай “ гарадскога” суфікса – ск.
Д
Давыдавічы (Давыдовичи) – в. у Малецкім с/савеце (32 ж., 22 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад кананічнага праваслаўнага імя Давыд, якое для Брэстчыны зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1982, с. 57). Імя рэдкае. Больш часта ўжывалася ў XVI-XVIII ст.ст..
Дарагабуж (Дорогобуж) – назва ракі Жыгулянка (гл.) у ніжнім цячэнні, ад возера Чорнае да ўпадзення ў Ясельду. Даўжыня 13,2 км. Гідронім – composite, мае ў сваім складзе дзве каранёвыя марфемы: ДАРОГА і БУСА – “выдзеўбаная лодка, човен”. Сематыка назвы – дарога для бусы (дарога для чоўна). Чаргаванне “с” “ж”- магчымае. Непадалёку в. Буса, на рацэ Ясельда ў Іванаўскім, рака Бусяж і аднайменная вёска на ёй ў Івацэвіцкім раёне. Летапіснаму Дарагабужу на рацэ Гарынь і гораду Дарагабужу ў Смаленскай вобласці Расіі толькі сугучна.
Дзягілец (Дягилец) – в. у Здзітаўскім с/савеце (190 ж., 90 двароў). Назва ёсць дэмінутыў ад дзягіль– найменне травяністай меданоснай расліны сямейства парасонавых (Angelika archangelica), якая здаўна выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне. Расце яна ў лясах, хмызняках, на лугах, ускрайках балот, на ўсёй тэрыторыі раёна. Цяпер выкарыстоўваецца ў лекавых мэтах, кандытырскай і лікёра-гарэлачнай вытворчасці.
Е
Елянова (Еленово) – в. у Міжлескім с\савеце (82 ж., 52 двары). Адпатранімічнае паходжанне назвы ад жаночага імя Елена (Жучкевіч, 1974., с.117) мала верагоднае: на Брэстчыне, як і на ўсёй Беларусі, гэтае імя ўжываецца ў форме Алена (Олэна). Магчыма, ў аснове назвы старажытнаслывянскае слова ЕЛЕНЬ – алень (Даль, т.1, с.518): у Польшчы г. Еленя -Гура з этымалогіяй “алення гара” (Ніконов, 1966, с.136). З улікам тапастаовішча вёскі дапушчальна збліжэнне асновы яе назвы з мясцовым геаграфічным тэрмінам ЕЛАНЬ – паляна, паша, луг (Мурзаеў, 1984, с.198). Паводле В.А.Жучкевіч на паўднёвым усходе Беларусі ЕЛАННЮ называюць луг-сухадол, лясную высечку або расчыстку (Жучкевіч, 1984, с.117). Аналаг па форме ўтварэння – в. Мокрава ў Лунінецкім раёне: этымалогія – “паселішча на мокрым месцы”.
Ж
Жыгулянка (Жигулянка) – р., левы прыток Ясельды. Пачынаецца на паўднёвым заходзе Івацэвіцкага раёна. Даўжыня 44 км. У ніжнім цячэнні мае назву Дарагабуж (гл.) На Беларусі, акрамя Жыгулянкі, гэты рад тапонімаў прадстаўляюць р. Жыглянка (адна з назваў ракі Альшанка ў басейне Нёмана) і в Жыгулі ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. В.А. Жучкевіч супастаўляе іх з літоўскімі словамі zygis – паход, zygiuti – ісці, рухацца і адносіць да балтызмаў. У якасці паўвярджэння прыводзіць прозвішча Жыгуліс (Жучкевіч, 1974, с.123). Не адмаўлячы такой падставы, думаецца, не менш грунтоўна выводзіць іх ад рэгіанальнага беларускага слова ЖЫГА са значэннем “жвавы, быстры”. (Бірыла, 1969, с.150; ТСБЛМ, 1996, с.200), маючы на ўвазе цячэння вады ў рэчках. Выраз “жыг” ужываецца для адлюстравання быстрага руху: “жыг – і памінай як звалі!”
Жычын (Жичин) – в. у Першамайскім с\савеце (187 ж., 102 двары). Наяўнасць у назве суфікса прыналежнасці – ык дапускае аснову на-а. Магчыма ЖЫЧЫНА са значэннем “прут, дубец”. Аднак не выключаецца сувязь з балцкімі мовамі: па М.Фасмеру (т.2, с.58) жычана роднасна літоўскаму gaiksta – вяха, межавы знак. Тады Жычын – паселішча на месцы ці ля межавага знака. Сувязь са славянскім ЖЫЦА – каляровая, пераважна чырвоная, шарсцяная пража або нітка (Фасмер, т.2, с.57) менш верагодная.
З
Залужжа (Залужье) – в. у Малецкім с\савеце (65 ж., 36 двароў). Назва – арыенцір: мясцовасць за лугам адносна больш старога пасялення Малеч. Па форме – прэфіксальны апелятыў.
Зарэчча (Заречье) – вв. у Бярозаўскім (325 ж., 145 двароў) і Сігневіцкім (104 ж., 54 двары) с\саветах. Назвы – арыенціры: паселешчы за рэкамі – першае за Ясельдай адносна г. Бяроза, другое за Вінецам адносна в. Сігневічы. Па форме – аналаг Залужжа. Заялоў’е (Заяловье) – нізіннае балота на поўночным усходе раёна, на вадазборы ракі Жыгулянка. Полшча 8,6 тыс. га (большая частка ў Івацэвіцкім раёне). Часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва, найбольш верагодна, утворана ад тэрміна яловы лес з дапамогай прэфікса “за”. Заялоў’е – назва арыенцір; азначае месца за яловым лесам. Суадносіць з тэрмінамі ЯЛАВІНА, ЯЛАВАЯ ЗЯМЛЯ – аблога, неўрадлівая зямля – не дазваляе арфаэпія назвы.
Здзітава (Здитово) – в.ц. Здзітаўскага с/савета (570 ж., 189 двароў) і в. у Спораўскім с/савеце (1146 ж., 438 двароў). На месца Здзітава Спораўскага сельсавета быў перанесены летапісны горад Здзітаў, які ў Іпацьеўскім летапісе ўпамінаецца пад 1252 г. У сувязі з асадай і разбурэннем яго войскамі манамахавічаў. Як мястэчка Здзітаў на гэтым месцы ўпершыню згадваецца ў 1430 г. У “Кнізе судовых спраў літоўскіх” 1520 г. называецца горадам. Назва другой вёскі, як і яе цёзкі ў Жабінкоўскім раёне, таксама старадаўняя і першапачаткова мела форму Здзітаў. Форма Здзітава паявілася напачатку ХVIII ст. (Ширяев, 1991, с.32). Па аснове і фарманту назва быццам бы патранімічная, але пярэчыць гэтаму наяўнасць адпатранімічнага прозвішча Здзітавец. Магчыма, аснова яе не славянская. В.А.Жучкевіч (1974, с.139-140) на падставе агульнасці асновы ставіць Здзітава ў адзін рад з назвамі Дзітва (рака, прыток Нёмана), Дзітрыкі (в. у Лідскім раёне на Гродзеншчыне) і этымалагічна звязвае з тапонімамі прускіх тэрыторый Дзітмарш, Дзітцум, Дзітфурт, Дзітэрсдорф і г. д. Але такое збліжэнне небясспрэчнае: на славянскіх тэрыторыях сустракаюцца тапонімы Збураж, Збараж, Збунік і інш., у якіх “з” не прэфікс , а частка асновы. Этымалогія назвы патрабуе высвятлення.
Зубачы (Зувачи) – в. у Сялецкім с/савеце (60 ж., 33 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Зубач, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.161). У аснове – апелятыў зубач са значэннем “зубаты”.
К
Кабакі (Кабаки) – в. у Першамайскім с/савеце (655 ж., 288 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кабак, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.164). Этымалогія ад апелятываў са значэннем карчма, шынок (рус. Кабак) беспадстаўная.
Калонія (Колония) – в. у Здзітаўскім с/савеце (30 ж., 20 двароў). Назва – аднайменны апелятыў са значэннем “паселішча перасяленцаў з іншай мясцовасці, краіны”. (ТСБЛМ, 1996, с.261).
Карпяшы (Карпеши) – в. у Першамайскім с/савеце (86 ж., 49 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Карпеш, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с.95) і ўтворана ад кананічнага праваслаўнага імя Карп, вядомага на Брэстчыне з XVI ст. Карпяшы, відавочна, нашчадкі Карпа ці Карпы.
Касілавічы (Косиловичи) – был. в. у Нарутавіцкім с/савеце, цяпер частка в. Нарутавічы. Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Касіла, якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1969, с.191).
Кашалёва (Кошелево) – в. у Боркаўскім с/савеце (87 ж., 43 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кашэль, зафіксаванага ў антрапаніміі Беларусі з XVI ст. (Бірыла, 1969, с. 197).
Круглае (Круглое) – в. у Бярозаўскім с/савеце (22 ж., 13 двароў). Назва ўтворана ад мясцовага ландшафтнага тэрміна КРУГ – альховы лес на балоце (Талстой, 1969) або край балота і гала, дзе добра расце трава (Яшкін, 1971, с.96). Пацвярджаецца тапастановішчам паселішча,
Крываблоты (Кривоблоты) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (213 ж., 82 двары). Літаральны сэнс назвы – крывыя балоты (ад бел. КРЫВЫ і польск. Blota – балота), але не пацвярджаецца тапастановішчам паселішча. Таму больш стасуецца адпатранімічнае паходжанне: ад паланізаванага прозвішча Крываблот, якое ў беларускай антрапаніміі нікім не зафіксавана. Але вытворнае ад яго прозвішча Крываблоцкі сустракаецца часта, у тым ліку і на Брэстчыне.
Крэчат (Кречет) – был. в. у Сігневіцкім с/савеце (з 1972 г. частка вёскі Сігневічы), каналізаваная рака, правы прыток Ясельды. Даўжыня 15 км. Пачынаецца на паўднёвы захад ад вёскі Акіцавічы. Назвы-калькі наймення драпежнай птушкі сямейства сакаліных.
Куроўшчына (Куровщина) – в. у Сялецким с/савеце (104 ж., 51 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Кур, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі з XV ст. (Бірыла, 1969, с. 232) ці больш позняга Кураў. У аснове кур – старабеларуская назва пеўня. Фармант – шчыка паказвае на прыналежнасць паселішча ці месца, на якім яно ўзнікла, уладальніку з такім прозвішчам.
Л
Лазова (Лозово) – был. в. у Бярозаўскім с/савеце. Цяпер частка вёскі Селаўшчына. У аснове назвы апелятыў ЛАЗА – зараснік кустоў вярвы (Salix). Такія зараснікі былі і застаюцца адметнасцю мясцовасці, на якой некалі ўзнікла гэтае паселішча.
Левашкі (Левошки) – в. у Бярозаўскім с/савеце (209 ж., 118 двароў). Назва адпатранімічная, утворана ад прозвішча Левашко, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с.108). Прозвішча паходзіць ад аднайменнага імя – вытворнай формы ад Лявон, вядомай на Беларусі з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 85). У дакументах 1577 г. сустракаецца Левошко Данилевич.
Левашкі (Левошки) – нізіннае балота на поўначы раёна, у пойме ракі Ясельда. Плошча 1,9 тыс. га. Частка балота затоплена вадасховішчам Сялец. Астатняя тэрыторыя выкарыстоўваецца пад сенажаць. Назва – вынік транстапанімізацыі: перанесена з размешчанай паблізу вёскі Левашкі (гл).
Лісічыцы (Лисичицы) – в. у Белаазёрскім с/савеце (354 ж., 132 двары). Назва адпатранімічная, утворана ад прозвішча Лісіца, якое на Беларусі фіксуецца з XV ст. (Бірыла. 1969, с. 253). Прозвішча – калька апелятыва Лісіца. Лісічыцы, магчыма, нашчадкі першапасяленца па прозвішчу Лісіца.
Лукомір = Лукомер (Лукомер = Лукомир) – веска ў Малецкім с/савеце (182 ж., 76 двароў). В.А. Жучкевіч (1974, с. 212) гэтую назву адносіць да адпатранімічных і разглядае як кальку з уласнага імя Лукамір з першапачатковым сэнсавым значэннем, гаспадар узбярэжжа. Але такі сэнс не стасуецца з тапастановішчам паселішча паблізу няма ніякага ўзбярэжжа. Ды й імя Лукамір не зафіксавана ні ў якіх пісьмовых крыніцах. Дарэчы, у тапаніміі імёны ў назоўным склоне адзіночнага ліку ўжываюцца вельмі рэдка. Думаецца, больш падстаўна разглядаць назву як складаны адапелятыўны тапонім лука + мір. Апелятыў лука ў славянскіх мовах мае шэраг значэнняў: ст. – рус. лука – “выгін”; укр. лука – “заліўны луг”, балг. Лука – ”выгін”, “луг і выган”; сербахарв. Лука – “даліна”, “гай”, “лес”; чэш. сонка – “дзялянка”, “парослы травой луг” і г.д. (Мурзаев, 1984, с.351; Фасмер, т.2, с.351). Мір, паводле М.Фасмера, мае значэнне “сельская абшчына” (паселішча). Зыходзячы з апошняга Лукамір – паселішча ля выгіну, лугу або лесу, што пацвярждаецца тапастановішчам вёскі [І, А, а].
Лясковічы Вялікія, Лясковічы Малыя (Лесковичи Великие, Лесковичи Малые) – вв. у Боркаўскім с/савеце (адпаведна 377 ж., 165 двароў; 6 ж., 6 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Лясковіч (Жукевіч, 1974, с.201). Намі гэтае прозвішча выяўлена ў Брэсце і іншых мясцінах вобласці. [ II, Б].
М
Малеч – пас., ц. Малецкага с/савета (2332 ж., 804 дворы). Першы ўпамін у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1528 г., пад назвай Мальча. У XVI ст. горад, надзелены самакіраваннем па магдэбургскаму праву. Пазней – мястэчка Малеч. У 1940 – 1969 гг. – вёска. У аснове назвы магчыма укр.маль – маладыя авечкі (Фасмер, т. 2, с. 263), што збліжае з белар. малеча – дробныя істоты, драбяза (ТСБЛМ, 1996, с. 330). Утворана з дапамогай фарманта – ча, які ў мінулым меў прыкладна тое же значэнне, што і фармант – ка ў больш познім тапаўтварэнні. Паходжанне ад імя Мал – драўлянскі князь, які згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 946 г., – мала верагоднае.
Манявічы (Маневичи) – вёска ў Белаазёрскім с/савеце (212 ж., 78 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Маневіч, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.275).
Маравіль (Маревиль) – в. у Сігневіцкім с/савеце (762 ж, 284 двары). Дапушчльны дзве гіпотэзы этымалогіі і семантыкі назвы: ад беларускага маравы (маравая пошасць) са значэннем “Эпідэмія, якая выклікала вялікую смяротнасць” (ТСБЛМ, 1996, с. 333) з фармантам – ль: Марав(ы)і – ль (тыпу Бягомль, Лукомль на Беларусі, Любомль на Украіне). Фармант – ль – сведка старажытнасці назвы
Маравіль, магчыма паселішча, у якім некалі ад эпідэміі памерла многа людзей. Складаная назва з дзвюма старажытнымі асновамі: мара + віла, дзе мара адзначае “смуга” або “прывід, здань”, а віла – “русалка ці кімора, якая жыве ў вадзе або паветры”. (Срезневскій т. 1, с. 257). Тады назва адпатранімічная, паходзіць ад кананічнага праваслаўнага імя Мар’ян, якое зафіксмвана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1982, с. 87).
Мастыкі (Мостыки) – в у Высокаўскім с/савеце (246 ж, 121 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Мастыка, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1996, с. 237) і пашырана на Бярозаўшчыне. В. А. Жучкеквіч (1974, с. 243) памылкова выводзіць яе ад апелятыва мост.
Мацвеевічы (Матвеевичи) – в. у Міжлескім с/савеце (36 ж., 21 двор). Утварылася ў 1972 г. у выніку зліцця вёсак Вялікія і Малыя Мацвеевічы. Назва адпатранімічная, пходзіць ад імя Мацвей, якое на беларусі дукументальна зафіксавана з XVII ст. (Бірыла, 1966, с. 116; 1982; с. 133). Цяпер пашырана ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці (Бірыла, 1982, с.88).
Машковічы (Машковичи) – в. у Здзітаўскім с/савеце (145 ж., 77 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Машковіч, якое ўласціва беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с. 282).
Міжлессе (Междулесье) – в. ц. Міжлескага с/савета (620 ж., 260 двароў). Узнікла ў 1972 г. у сувязі з аб’яднаннем былых вёсак Вялікае Міжлессе і Малое Міжлессе ў адно паселішча. Назва-арыенцір, характарызуе становішча вёскі паміж ляснымі массівамі.
Мінкі (Минки) – в. у Сігневіцкім с/савеце (90 ж., 48 двароў). Назва адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Мінко, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1966, с. 120) і з’яўляецца вытворным ад кананічнага праваслаўнага імя Міка, Мікай.
Міхалінак (Михалинок) – в. у Міжлескім с/савеце (87 ж., 48 дварў). Назва адпатранімічная: ад імя Міхал, якое шматразова зафіксавана ў антрапаніміі Бярозаўшчыны (Бірыла, 1982, с. 93) і з’яўляецца вытворнай фомай ад папулярнага кананічнага праваслаўснага імя Міхаіл.
Міхалкі (Михалки) – в. у Боркаўскім с/савеце (95 ж., 51 двор). Назва адпатранімічная, паходзіць ад Міхал – рэгіянальнай формы папулярнага на Беларусі і ў раёне імя Міхаіл (гл. Міхалінак).
Міхнавічы (Михновичи) – в. у Нарутавіцкім с/савеце (59 ж., 33 двары). Назва адпатранімічная, паходзіць ад імя Міхно, якое ў Беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. (Бірыла, 1982, с. 97) і з’яўляецца вытворнай формай ад кананізаванага імя Міхаіл.
Мормажава (Морможево) – в. у Бярозаўскім с/савеце (197 ж., 70 двароў). Назва, відаць, патранімічнага паходжання: ад мянушкі Мормаж са значэннем “марматун” (ад мармытаць). В. А. Жучкевіч (1974, с. 241-242) спасылаецца на К. М. Гупікова, якім для XVII ст. устаноўлены мянушкі Мормуль і Мармуля. Магчыма, існаваў і варыянт Мормаж.
Н
Навасёлы (Новосёлки) – в. у с/савеце (76 ж., 62 двары). Назва сведчыць аб адноснамаладым “узросце” паселішча: узнікла пазней, чым г. Бяроза і навакольныя вёскі. Семантыка яе – новае паселішча. [І, А, д].
Навое, варыянт Новае (Новое) – в. у Стрыгінскім с/савеце (282 ж., 114 двароў). Назва, магчыма, утворана ад славянскага нава са значэннем “русалка” (Ніконов, 1966, с. 282); навое – русалчына. Пераасэнсаванне ў Новае памылковае. [ І, Д].
Нарутавічы (Нарутовичи) – в. у Нарутавіцкага с/савета (332 ж., 121 двор). Назва адпатранімічная: утворана ад прозвішча Нарут , зафіксаванага ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969 , с. 291). Першапасяленцамі паселішча, магчыма, былі нарутавічы – нашчадкі Наруты. [II, Б].
Нівішчы (Нивищи) – в. у Першамайскім с/савеце (32 ж., 18 двароў). Назва ўтворана ад тэрміна ніва з дапамогай фарманта – (і) шчы. У гістарычных актах XV-XVI стст. нівай называецца валока зямлі, якая складаецца з 24 маргоў. Магчымы і іншыя значэнні тэрміна НІВА: невялікае полеў лесе, участак зямлі аднаго гаспадара, апрацаваны і засеяны ўчастак зямлі (Яшкін, 1971, с. 121). Нівішчы – паселішча на месцы ніваў. [I, Г, а].
Нівы (Нівы) – в. у Белаазёрскім с/савеце (692 ж., 274 двары). Назва – множны лік апелятыва НІВА (гл. Нівішчы) . [I, Г, а].
Ніўкі (Нивки) – в. у Белаазёрскім с/савеце (173 ж., 74 двары). Назва – множны лік тэрміна ніўка са значэннем “поле на месцы сенажаці або расцяробу лесу” ( Яшкін, 1971, с. 122). Семантыка яе – паселішча на месцы ці каля нівак.[I, Г, a].
Новыя Пескі (Новые Пески) – в. у Пескаўскага с/савета (2277 ж., 836 двароў – разам з вёскай Ст. Пескі). Асноўная частка назвы – множны лік рэгіянальнага геаграфічнага тэрміна ПЕСАК са значэннем “пясчанае месца, пясчаная неўрадлівая глеба” (Яшкін, 1971, с. 160), які часта служыў тапонімаўтваральнай асновай на Брэстчыне. Дае характэрыстыку глебагрунтоў мясцовасці, на якой узнікла паселішча. Азначальны прыметнік “новыя” паказвае на больш позняе ўзнікненне паселішча адносна вёскі Старыя Пескі (гл.), якая цяпер злілася з Новымі Пескамі.[I, A, г].
П
Пабежыно ( Побежино) – х. у Сялецкім с/савеце. Назва адапелятыўнага роду накшталт Беразіно, Крамно, Сяльцо, Сянно; прэфіксальна-суфіксальнаьнага тыпу ўтварэння: Па-беж-ын-о. У аснове яе старажытна-славянскае слова бежж – бег, бегчы (Фасмер, т. 1 , с. 143).
Падкраічы (Подкраичи) – в. у Малецкім с/савеце (595 ж., 203 двары). Назва-арыенцір: паселішча ля краю якога-небудзь прыроднага ўтварэння, у дадзеным выпадку бліз краю буйнага ляснога масіву.
Падоссе ( Подосье) – в. у Бярозаўскім с/савеце (184 ж., 98 двароў). Назва-арыенцір: паселішча каля асінавага зарасніку ці асінніку. Гл. Асавецкія і Восаўцы.
Панасавічы ( Панасовичи) – в. у Сялецкім с/савеце (115 ж., 58 двароў). Адпатранімічная назва, утворана ад імя Панас (рэгіянальная форма ад Апанас), якое ў беларускай антрапаніміі фіксуецца з 1528 г. ( Бірыла, 1982, с. 155). Магчыма, першапасяленцамі былі нашчадкі чалавека па імені Панас.
Парослава (Порослово) – в. у Бярозаўскім с/савеце (48 ж., 22 двары). Назва ўтворана ад мясцовага ландшафтнага тэрміна ПАРОСЛЬ са значэннем “бор, чысты радкаваты сасновы лес” (Якшін, 1971, с. 135). Пацвярджаецца нават сучасным топастановішчам вёскі.
Пасталова (Постолово) – в. у Малецкім с/савеце (98 ж., 54 двары). Назва
адпатранімічная, паходзіць ад прозвішча Пастол, якое зафіксавана ў беларускай антрапаніміі (Бірыла, 1969, с.316). У аснове яго – пастол са значэннем “скураны або лыкавы лапаць”.
Паўлавічы (Павловичи) – в. у Малецкім с/савеце (94 ж., 55 двароў), чыг. ст. на лініі Брэст – Мінск. Назва адпатранімічная, утворана ад папулярнага праваслаўнага імя Павел (Паўла), якое ў беларускай антрапаніміі вядома з XVI ст. і шырока прадстаўлена ва ўсіх раёнах Брэстчыны (Бірыла, 1982, с.99-100).
Перасудавічы (Пересудовичи) – в. у Высокаўскім с/савеце (271 ж., 136 двароў). У назве, магчыма, зафіксавана найменне жыхароў, што пасяліліся на зямельным участку, які яны атрымалі па ПЕРАСУДУ – паўторнаму судоваму разбору справы (ТСЛБМ, 1996, с.471).
Першамайская (Первомайская) – в. ц. Першамайскага с/савета (1842 ж., 853 двары). Назва сімвалічная, нададзена ў 1964 г. былой вёсцы Блудзень (гл.) у гонар святочнага дня Першае мая.
Пешкі (Пешки) – в. у Боркаўскім с/савеце (169 ж., 89 двароў)