Учреждение образования "Белоозёрский государственный колледж электротехники"

Здзітава

МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС “ЗДЗІТАЎСКАЯ АБАРОНА”
У Вялікую Айчынную вайну непадалёку ад вёскі базіраваліся Брэсцкі падпольны абком КП(б)Б, штаб Юрэсцкага партызанскага злучэння, партызанскія фарміраванні. Партызаны наносілі ўдары па чыгуначных камунікацыях, асабліва на лініях Брэст – Баранавічы, Брэст – Лунінец – галоўных у гэтым раёне магістралях забеспячэння нямецка-фашысцкіх войск. Каб засцерагчы свае тылы, у пачатку красавіка 1944 года гітлераўцы сцягнулі ў гэты раён атрады войск СС, 10 артылерыйскіх і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі. З красавіка карнікі пачалі наступаць на пазіцыі партызан з некалькіх напрамкаў. Партызаны і 10 тысяч мірных жыхароў, якія знаходзіліся пад іх аховай, апынуліся ў акружэнні. Партызанскія брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага (камандзір В. М. Манахаў, камісар П. Р. Кавалёў), “Савецкая Беларусь” (камандзір М. У. Бабкоў, камісар П. І. Масалоў), 345-ы атрад (камандзір С. А. Яроцкі, камісар В. М. Яроцкі) і атрад імя С. М. Будзённага (камандзір К. Е. Мерзлякоў, камісар П. К. Каламійцаў), які падышоў на дапамогу абаронцам, пад моцным артылерыйскім агнём і бамбардзіроўкай 7 дзён паспяхова адбівалі атакі карнікаў. У партызан канчаліся боепрыпасы. Па загаду камандавання яны занялі другую лінію абароны. Гітлераўцы фарсіравалі р. Дарагабуж, увайшлі ў вёскі Здзітава і Спорава, але другую лінію абароны штурмаваць не адважыліся.
У 1975 годзе да 30-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі пабудаваны мемарыяльны комплекс “Здзітаўская абарона” (скульпт. В. Дз. Кліменка, арх. В. А. Пак; бетон). Кампазіцыйны цэнтр архітэктурна-скульптурнага ансамбля – велічная фігура партызана (вышыня – 6 метраў) у дынамічным развароце, з узнятымі ў пераможным урачыстым жэсце рукамі (у правай руцэ аўтамат). Пластычнае вырашэнне вызначаецца манументальнасцю формы і выразнасцю сілуэта.У скульптуры ўвасоблены абагулены вобраз народа-пераможца. За галоўным манументам устаноўлена дугападобная ў плане сцяна-стэла (вышыня з аднаго боку 2,4 м., з другога – 1,6 м.)з барэльефамі, якія адлюстроўваюць эпізоды абароны, аб’яднаныя ў адзіную цэласную кампазіцыю. Справа ад скульптуры – трохгранны блок з лаўровым вянком і імёнамі загінуўшых. З боку шашы Бяроза – Драгічын і ад цэнтральнай вуліцы вёскі да мемарыялу вядуць 2 падуходы, выкладзеныя бетоннымі плітамі. Пры ўваходзе на цэнтральную алею комплексу пастаўлена стэла з плітамі, на якіх выбіты тэкст, прысвечаны падзеям абароны.

КУРГАН СЛАВЫ
За 3 км. На паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Буслаўка.
13.7.1944 года часці 152-й стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту выйшлі да рацы Ясельда ў раёне вёсак Зубачы, Сашыца, Сялец і Ясевічы. Пры фарсіраванні ракі разгарэўся ўпарты бой. Гітлераўцы, якія акапаліся на яе правым беразе, загадзя прыстралалі адкрытую балоцістую пойму. Воіны дывізіі пад агнём праціўніка пераправіліся на правы бераг ракі і 15.7.1944 года выбілі гітлераўцаў з пазіцый. У выніку часці дывізіі вызвалілі шэраг населеных пунктаў Бярозаўскага раёна, горад Пружаны (17.7.1944 г.) і ў складзе войск правага крыла фронту выйшлі да ракі Буг на поўнач ад Брэста.
У 1967 годзе на ўшанаванне памяці савецкіх воінаў, якія загінулі ў гэтых баях, насупаны 15-метровы Курган. На яго вяршыні ўстаноўлены 10-метровы штык-абеліск, абліцаваны нержавеючай сталлю. Каля падножжа Кургана ўстаноўлена пліта з памятным надпісам.